Канцэрт Макса Каржа ў Алматы канчаткова адмянілі

Канцэрт Макса Каржа адмянілі

Канцэрт Макса Каржа адмянілі / абвестка з старонкі Макса каржа ў Фэйсбуку

У казахстанскім Алматы канчаткова адмянілі канцэрт беларускага рэпера Макса Каржа, прызначаны на 6 верасня. Пра гэта паведамілі арганізатары мерапрыемства і каманда артыста.

У Instagram-акаўнце Макса Каржа 3 верасня з'явіўся такі каментар да адмены: "Вельмі шкада. Мы рабілі ўсё магчымае".

Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што вялі падрыхтоўку з лістапада 2024 года, "уклалі каласальныя сродкі і сілы" ў падрыхтоўку канцэрта. Яны паведамілі, што 35 тысяч квіткоў, якія паступілі ў продаж 17 сакавіка, былі раскупленыя ў вельмі кароткі тэрмін. Чакалася, што з-за мяжы Казахстана на выступ рэп-выканаўцы прыедуць больш за 17 000 гледачоў.

Аднак пад канец жніўня дырэкцыя спартовых збудаванняў Алматы паведаміла пра адмену, звязаную з тэхнічным станам поля. "Пасля нам паведамілі, што выдадзены дазвол не з'яўляецца актуальным на бягучы момант, на жаль, новы дазвол мы так і не атрымалі", — канстатуюць арганізатары.

Яны абяцаюць вярнуць усе набытыя квіткі па месцы іх набыцця.

Як паведамлялася раней, пасля жнівеньскага канцэрта Макса Каржа ў Варшаве было затрымана больш за 100 чалавек. Шасцярых беларусаў і 57 украінцаў пастанавілі дэпартаваць з Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.