Канадскае выданне апублікавала перапіску Мельнікавай. Здаецца, ёй пагражалі

Анжаліка Мельнікава / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Канадскае выданне Le Devoir апублікавала перапіску зніклай Анжалікі Мельнікавай з невядомым суразмоўнікам за красавік 2024 года. Гэтыя паведамленні ўтрымліваюць прыхаваную пагрозу.
Сыходзячы з апублікаваных выданнем скрыншотаў, ёй пісалі пра вобшук у кватэры. З перапіскі вынікае, што Мельнікаву намагаліся запужаць, пагражаючы праблемамі ў бок яе маці і сяброўцы.
"Заўсёды ёсць шанец усё выправіць", — пісалі Мельнікавай у паведамленні.
Не атрымаўшы адказу, суразмоўнікі даслалі наступнае паведамленне:
"Ладушкі, сходзім у госці па-іншым адрасе, тады і пагаворым".
У наступным паведамленні была пагроза і абацянне "перадаць прывітанне" маці Анжалікі.
У красавіку 2024 года, калі, меркавана, Мельнікава атрымлівала гэтыя паведамленні, яна яшчэ не была лідаркай КР. На гэтую пасаду яе абралі толькі ў ліпені 2024 года. Але ў той час яна ўжо амаль два гады супрацоўнічала з камандай Паўла Латушкі і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Крыніцу гэтых скрыншотаў выданне не называе. Аўтар артыкула — журналіст Патрыс Сенекаль. Ён жыве ў Польшчы і асвятляе падзеі ў краінах Цэнтральнай Еўропы для франкамоўных медыя.
Былая лідарка Каардынацыйнай рады не выходзіць на сувязь з канца сакавіка 2025 года. Вядома, што напрыканцы лютага жанчына выляцела з Варшавы ў Лондан, а потым — на Шры-Ланку і ў Дубай. Больш пра яе лёс нічога невядома. Па дадзеных “Кіберпартызанаў” у 2023 годзе яна лётала на Кубу з Аляксеем Лабеевым, які з’язляецца агентам КДБ. Невядома, ці ведала Мельнікава пра ягоную супрацу са спецслужбамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.