Дональд Трамп аддаў загад атакаваць Венесуэлу

Каракас ранкам 3 студзеня

Каракас ранкам 3 студзеня / x/Globally Pop

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аддаў загад нанесці ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Венесуэлы, у тым ліку вайскоўцам, паведамілі амерыканскія афіцыйныя асобы тэлекампаніі CBS News, піша BBC. Дадаецца, што гэта адбылося ў рамках “узмоцненай кампаніі супраць рэжыму прэзідэнта Нікаласа Мадура”.

Асобна крыніцы CBS заявілі, што адміністрацыя Трампа ведала пра выбухі, але не дала далейшых каментарыяў.

У суботу ранкам у венесуэльскай сталіцы Каракасе прагрымела, як мінімум, сем выбухаў. Жыхары Каракаса паведамілі пра верталёты, якія нізка ляцелі над горадам.

Жыхары некалькіх раёнаў горада выйшлі на вуліцы, спрабуючы зразумець, што адбываецца. Некаторыя спрабуюць выехаць.

Паўднёвая частка горада, размешчаная побач з буйной ваеннай базай, засталася без электрычнасці.

Каля рэзідэнцыі Мадуры ў Каракасе заўважылі бранятэхніку. Афіцыйных каментарыяў ад урада Венесуэлы пакуль не было. У краіне ўведзена надзвычайнае становішча. 

Гэтыя падзеі адбываюцца на фоне нядаўніх удараў ЗША па лодках, якія нібыта выкарыстоўваліся для “кантрабанды наркотыкаў”.

Нагадаем, што напрыканцы мінулага года Лукашэнка двойчы сустракаўся з амбасадарам Венесуэлы. Таксама тэму гэтай краіны ён абмяркоўваў з дэлегацыяй Джона Коўла ў Мінску падчас перамоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.