Канада прыгразіла Расіі, расійская авіяцыя праляцела над канадскім караблём
Кіраўнік МЗС Канады Джон Бэрд заявіў, што яго краіна гатовая ўвесці больш жорсткія санкцыі ў адносінах Расіі.
Гэта стане рэальнасцю ў выпадку, калі перамір'е на ўсходзе Украіны не будзе працягнута. "Натуральна, мы хочам бачыць палітычнае вырашэнне крызісу ва Украіне... Давайце дамо палітычнаму рашэнню шанец. Відавочна, што калі ўзнікнуць новыя правакацыйныя дзеянні і негатыўныя абставіны, мы будзем рашуча выступаць за ўвядзенне дадатковых мер", — цытуе словы міністра РІА "Новости". Адзначым, што Джон Бэрд выступіў пасля сустрэчы ў Атаве з кіраўніцай дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан.
Сёння з'явілася інфармацыя, што раніцай у нядзелю падчас вучэнняў NATO ("Sea Breeze") ў Чорным моры расійскія самалёты здзейснілі аблёт канадскага вайсковага карабля Toronto. Міністэрства абароны Канады адзначае, што, нягледзячы на кругавыя аблёты расійскіх самалётаў пагрозы канадскаму караблю не было. Тым не менш, Канада лічыць дзеянні расійскай авіяцыі "неапраўдана правакацыйнымі", якія "стваралі рызыку эскалацыі напружанасці".
Гаворка ідзе пра два расійскія Су-24 і адзін разведвальны Ан-26. Адзін з самалётаў апусціўся на вышыню 300 метраў. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што самалёты да карабля не набліжаліся.
Нагадаем, у Канадзе існуе ўплывовая і шматлікая ўкраінская дыяспара. З гэтым лічацца ўлады гэтай краіны, якія востра рэагуюць на падзеі ва Украіне.