Камунальнікі Мінска баяцца прыбіраць снег уночы, каб не было скаргаў на шум

Прыборка снегу ў Мінску, ілюстрацыйне фота

Прыборка снегу ў Мінску, ілюстрацыйне фота / TUT.by

Камунальнікі баяцца, што мінчукі будуць скардзіцца на тэхніку, якая прыбірае снег па начах. Гэтая тэма абмяркоўвалася на сустрэчы прадпрыемстваў Маскоўскага раёна сталіцы з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Алегам Корзунам 18 лютага.

Чыноўнік абурыўся, што па дарозе на сустрэчу не заўважыў, каб спецтэхніка прыбірала снег.  Ён заявіў, што "на гарадскім узроўні мы ўжо неаднаразова казалі, што раніцай, калі мінчукі выходзяць на працу, у дварах ужо павінна быць чыста", перадаюць "Мінск-Навіны".

Прадстаўнікі "Рэмаўтадара" сказалі, што гатовыя прадастаўляць тэхніку кругласутачна, але ЖЭУ не заўжды своечасова падаюць заяўкі. А камунальнікі спаслаліся на тое, што жыхары будуць скардзіцца на шум ад тэхнікі ўначы.

На гэта Алег Корзун параіў пачынаць прыборку з 6-й гадзіны раніцы ды ігнараваць скаржнікаў: "У дадзеным выпадку лепш хай будуць скаргі, чым нарастальная статыстыка галалёдных траўмаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.