Кампанія, праз якую здарыўся глабальны IT-збой, ужо выправіла памылку

Можа прайсці некалькі дзён, перш чым усё запрацуе як трэба
Антывірусная кампанія Crowdstrike ужо выправіла памылку, праз якую здарыўся глабальны IT-збой на прыладах Microsoft па ўсім свеце. Але перш чым усе сістэмы зноў запрацуюць як мае быць, можа прайсці "некаторы час", піша ВВС.
А пакуль што Microsoft дае старую добрую параду: уключыце і выключыце прыладу. Паўтарыце 15 разоў. Гэта не жарт.
"Можа спатрэбіцца некалькі перазагрузак (было зарэгістравана да 15). У цэлым водгукі кажуць пра тое, што перазагрузкі з'яўляюцца эфектыўным крокам па ліквідацыі непаладак на цяперашнім этапе", — кажуць у кампаніі.
Яшчэ адзін варыянт вырашэння праблемы — выдаленне пэўнага файла. Так у сацыяльных сетках некаторыя супрацоўнікі Crowdstrike раілі зрабіць карыстальнікам, якія скардзіліся на збоі.
Вялікія збоі ў працы IT-сістэм закранулі галіны па ўсім свеце. Было адменена амаль 1,4 тыс. авіярэйсаў, пацярпелі банкі, сферы аховы здароўя і гандлю. Кампанія Crowdstrike, якая займаецца кібербяспекай, прызнала, што праблема ў дэфекце, які выявілі ў адным з яе абнаўленняў праграмнага забеспячэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.