Кампанія "Белавія" запускае рэйсы ў Ізраіль
"Белавія" / Еўрарадыё
Авіякампанія "Белавія" аднаўляе рэгулярныя рэйсы з Мінска ў Ізраіль. Палёты ў Тэль-Авіў плануюцца з 8 студзеня.
Паведамляецца, што рэйсы запланаваныя двойчы на тыдзень — у чацвер і нядзелю. Вылет з Мінска прызначаны на 7:10 з прыбыццём у Тэль-Авіў у 12:20. Зваротны рэйс з Ізраіля запланаваны ў раскладзе ў 13:15, прыбыццё ў Мінск — у 20: 40.
Квіток у адзін бок будзе каштаваць ад 671 рублёў, а туды-назад — ад 1327 рублёў.
Раней стала вядома, што такія ж рэйсы рыхтуе ізраільская авіякампанія "Аркія". Яна прадае квіткі на люты і сакавік, рэйсы будуць адбывацца па панядзелках і пятніцах. Дарэчы, рэйсы "Аркіі" будуць карацейшымі па часе — 3 гадзіны 45 хвілін замест 6 гадзін у "Белавіі".
Імаверна, гэта тлумачыцца рознымі маршрутамі. "Белавія" вымушаная ляцець над Расіяй, бо для яе закрытае неба над Украінай і краінамі Еўрасаюза. А "Аркія" мае права ляцець над тэрыторыяй ЕС, таму маршрут атрымліваецца нашмат карацейшы.