Калінінградскія ўлады спрабуюць дамовіцца з Гродна аб пастаўках харчавання

Мэтай рабочай паездкі групы бізнесменаў з Калінінграда стане абмеркаванне варыянтаў супрацоўніцтва па замяшчэнню забароненых тавараў з ЕС беларускімі аналагамі. Як заявіў журналістам губернатар Мікалай Цуканаў, Беларусь мае намер насыціць калінінградскі рынак уласнай прадукцыяй, паведамляе гродзенскі рэсурс s13.

"Я размаўляў некалькі дзён таму з міністрам сельскай гаспадаркі РФ і яго калегам з Беларусі. Яны прапануюць нам ўзаемадзейнічаць з Гродзенскай вобласцю ў частцы пастаўкі на рынак тых прадуктаў, якія нам неабходныя. Таму прашу сфармаваць працоўную групу і ў бліжэйшы час з прадстаўнікамі бізнесу выехаць у Гродзенскую вобласць", - заявіў расійскі чыноўнік.

У пікантную сітуацыю калінінградскія ўлады трапілі пасля таго, як цэнтральныя ўлады ў Маскве ўвялі эмбарга на пастаўкі харчавання з краін ЕС. Расійскі анклаў акружаны імі з усіх бакоў і прадукты з Еўрасаюза складаюць вельмі значную частку забеспячэння рэгіёна.