"Калі свяцейшы скажа" — у Арменіі заявілі аб прадухіленым дзяржперавароце

Арыштаваны Баграт Галстанян / Photolure
Улады Арменіі абвясцілі аб прадухіленні спробы дзяржперавароту. Як заявіў следчы камітэт краіны, лідары апазіцыйнага руху "Свяшчэнная барацьба" планавалі ўчыніць тэракты і захапіць уладу.
Лідарам змоўнікаў называюць архіепіскапа Баграта Галстаняна (свецкае імя Вазген). Яго ўжо затрымала Служба нацбяспекі. Архіепіскапа на два месяцы ўзялі пад варту.
Парламенцкая апазіцыя мяркуе, што ўлады самі прыдумалі "план дзяржаўнага перавароту". Больш за тое, заяўляюць, што ён з'яўляецца "адлюстраваннем іх страхаў", піша jam-news.net.
У праўладных СМІ з'явіўся сямістаронкавы дакумент, які называюць "планам перавароту". Згодна з дакументам, план адхілення Нікола Пашыняна ад улады мусіў адбыцца ў восем этапаў. Вырашальны этап, на якім запатрабавалі б адстаўкі пашыняна, мусіў пачацца 20-21 верасня.
Выданне назвала імёны людзей, звязаных з "планам перавароту". Гэта былыя прэзідэнты Роберт Качаран і Серж Саргсян, бізнесоўцы Самвел Карапецян, Гагік Царукян і Самвел Алексанян. Дарэчы, Карапецяна некалькі дзён таму арыштавалі і абвінавацілі ў закліках да захопу ўлады. Экс-прэзідэнтаў Арменіі змоўнікі, як вынікае з дакумента, планавалі ўгаварыць замірыцца і сумесна падтрымаць пераварот.
Следчы камітэт Арменіі апублікаваў некалькі аўдыёзапісаў, у якіх арганізатары руху абмяркоўваюць дэталі. Падчас абмеркавання, напрыклад, адзін з удзельнікаў кажа, што трэба будзе дзейнічаць рашуча, бо другога шанцу ў іх не будзе: "Калі свяцейшы [Баграт Галстанян] скажа: "Выходзім на вуліцы", — то пытанне будзе закрытае. Усё скончана, справа зробленая. Альбо памром, альбо мы заб'ем".
У Следчым камітэце кажуць, што рух "Свяшчэнная барацьба" Галстанян стварыў улетку 2024 года. Некалькі месяцаў ён праводзіў мітынгі і шэсці. Але потым лідар руху спыніў публічныя акцыі і сказаў сваім прыхільнікам, што рух мяняе метады, бо праз выбары да ўлады не прыйдзе.
Паводле следчых, рух вырашыў дзейнічаць гвалтоўнымі метадамі. Невялікія ўдарныя групы мусілі ў дамоўлены момант ствараць беспарадкі, дзейнічаючы ўзгоднена ў розных частках краіны. "Чальцы злачыннай групы вырашылі сфармаваць 200-250 ударных груп, якія складаюцца з 25 чалавек з ваеннай падрыхтоўкай, у асноўным з былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў паліцыі, паставіўшы перад кожнай з іх выразную задачу, якую неабходна выканаць", — заяўляе СК. Сам Галстанян нібыта павінен быў сабраць мітынг перад будынкам урада.
У СК заяўляюць, што змоўнікі планавалі:
— арганізаваць сутыкненні дзясяткаў аўтамабіляў на буйных і ажыўленых вуліцах і праспектах, якія забяспечваюць асноўны рух транспартных сродкаў,
— паралізаваць транспартны рух па ўсёй краіне, празбіваючы ці падпальваючы транспарт,
— учыніць выбухі з адначасовым ужываннем тысяч запальных прылад, абстрэл з іх сцен будынкаў і збудаванняў,
— пашкодзіць і знішчыць электрычныя і інтэрнэт-кабелі ды іншае абсталяванне, якое забяспечвае іх сілкаванне, выклікаўшы масавыя адключэння электраэнергіі і інтэрнэту,
— вывесці з ладу святлафоры на скрыжаваннях, а таксама лініі электразабеспячэння тралейбусаў,
— знішчыць аб'екты камунальнагай абслугоўвання, падпаліўшчы іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.