“Калі б Лукашэнка ездзіў па Еўропе, ён бы яе лепш разумеў”
Лукашэнку ў Еўропу не пускаюць і таму ён не ведае, ад чаго адмаўляецца, калі яму прапаноўвае сваё сяброўства ЕС, лічаць польскія эксперты і палітыкі
А што калі… адмяніць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў — зрабіць уязным у ЕС Аляксандра Лукашэнку? Такое выйсце з тупіку ўзаемаадносінаў прапаноўвае кіраўнік праграмы “Адкрытая Еўропа” Фонду імя Стэфана Баторыя Лукаш Бырскі.
Лукаш Бырскі: “У мяне, да прыкладу, ёсць пытанне: наколькі ў прэзідэнта Лукашэнкі ёсць разуменне таго, як працуе Еўропа? Бо Еўропа — даволі складаны механізм: там няма адной асобы, якая прымае ўсе рашэнні. Гэта можа збіваць з панталыку таго, хто ўсе рашэнні прымае адзін. І гэтыя санкцыі, ізаляцыя цягам столькіх гадоў не далі яму магчымасці разабрацца: калі б ён больш ездзіў па Еўропе, то ён бы яе лепш разумеў. Я за тое, каб ён ездзіў”.

Паводле слоў эксперта, складана размаўляць пры дапамозе санкцый з краінай, якая вельмі моцна эканамічна залежыць ад сваёй усходняй суседкі — Расіі. Асабліва калі Еўропа, апроч тэхнічнай дапамогі і дэмакратычных каштоўнасцяў, амаль нічога не прапануе афіцыйнаму Мінску. А як жа маральны аспект — забыцца на санкцыі, калі палітвязні па-ранейшаму застануцца за кратамі? Эксперт раіць палітзняволеным паступіць так, як Юлія Цімашэнка, якая пагадзілася заставацца за кратамі дзеля падпісання Украінай дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Маўляў, хай і беларускія вязні скажуць тое ж — з умовай, што Беларусь пойдзе на збліжэнне з Еўропай.
Дэпутат польскага Сейма Малгажата Марцінкевіч да свайго абрання ў Беларусі мела бізнес. Зараз, таемна ўсміхаючыся, сцвярджае, што не мае. Тым не менш крытыкуе польскія ўлады, якія “забараняюць” польскім бізнесменам інвеставаць у Беларусь, і выступае за пашырэнне эканамічных стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю. І таксама за тое, каб кіраўнік Беларусі спакойна ездзіў па Еўропе.
Малгажата Марцінкевіч: “Асабіста я за тое, каб ён паехаў ў свет і паглядзеў, як выглядае жыццё ў іншых краінах. Калі чалавек бачыць, як жывуць іншыя людзі, у якіх умовах, то ён робіць нейкія высновы”.

Праўда, ад адказу на пытанне пра палітзняволеных ўхіляецца: “У мяне ёсць на гэты конт сваё меркаванне, але я пакіну яго пры сабе”.
З тым, што візавыя санкцыі ў Беларусі не працуюць, згодны і былы віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, былы міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч. Але і адмяняць іх ён не раіць.
Януш Анышкевіч: “Асабістыя візавыя санкцыі, канешне, не працуюць. Але яны маюць вялікае сімвалічнае значэнне. Дый я б не сказаў, што тым, хто ў гэтым спісе, гэта абыякава: яны хацелі б паехаць на Кіпр, у Францыю — але не могуць! Яны кажуць, што ім гэта не важна, але што яны могуць сказаць?! І я скажу: гэты спіс павінен быць значна шырэйшы — не толькі тыя, хто там зараз, каб у ім былі прапісаныя”.

У Лукашэнкі быў рэальны шанец атрымаць шэнгенскую візу, але ён ім не скарыстаўся, тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік Цэнтра ўсходніх даследаванняў Рафал Садоўскі.
Рафал Садоўскі: “А навошта гэта зараз рабіць (выводзіць Лукашэнку з-пад візавых санкцый. — заўв. Еўрарадыё)? Сітуацыя са спадаром Макеем — гэта ўжо быў зроблены крок наперад. А ў адказ мы нічога не пабачылі. Навошта яшчэ іншым адчыняць дарогу ў Еўропу? Вось калі палітзняволеныя будуць вызваленыя, то, магчыма, і будуць адмененыя гэтыя санкцыі”.

Праўда, адразу дадае эксперт, нейкім чынам неабходныя будуць гарантыі таго, што месца вызваленых палітвязняў адразу не зоймуць новыя.
Для “адказнай за Беларусь” другога сакратара Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы Малгажаты Твардоўскай пытанне пра магчымую адмену санкцый выклікае здзіўленне.
Малгажата Твардоўская: “Цікавае пытанне… Пакуль такі варыянт нават не разглядаецца. Сітуацыя не змяняецца, каб можна было казаць пра лібералізацыю, змену палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі. Мы атрымліваем “сігналы” (з боку афіцыйнага Мінска. — заўв. Еўрарадыё), але мы іх успрымаем у кантэксце ўсёй сітуацыі ў Беларусі”.

Эксперт Фонду Баторыя Лукаша Бырскага прызнаецца: ён не чуў, каб нехта з публічных асоб Польшчы агучваў ідэю адмены санкцый супраць Беларусі. Маўляў, на такога палітыка ці эксперта адразу нападуць усе СМІ і грамадская думка. Але, як відаць, меркаванні на гэты конт існуюць розныя.
Фота: Змітра Лукашука, DELFI