Ізраіль пачаў першы этап новага наземнага наступлення на Газу

Газа / Reuters
Ізраільскія вайскоўцы пачалі першыя этапы новага наземнага наступу ў Газу, піша ВВС. Такім чынам Тэль-Авіў дае зразумець, што мае намер працягнуць рэалізацыю плана па захопу горада насуперак міжнароднай крытыцы.
У пачатку верасня Ізраіль плануе заклікаць каля 60 тыс. рэзервістаў для рэалізацыі сваіх планаў. У Газе пражывае каля мільёна чалавек, многія з іх цяпер пакідаюць свае дамы.
Чаму Ізраіль не згаджаецца на прапанову аб прыпыненні агню?
Катар і Егіпет прапанавалі прыпыніць агонь на 60 дзён у абмен на вызваленне паловы закладнікаў. ХАМАС ужо пагадзіўся на гэтую прапанову. Ізраіль жа патрабуе вызвалення ўсіх 50 закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа.
Прадстаўнік урада Дэвід Менсэр заявіў, што краіна не зацікаўленая ў "частковых угодах". Ізраіль лічыць, што пасля 22 месяцаў вайны ў жывых засталіся толькі 20 з 50 палонных.
Усяго ж 7 кастрычніка 2023 года ХАМАС захапіў 252 закладнікаў. Некаторыя з іх пазней былі вызваленыя, іншыя загінулі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.