ХАМАС заявіў, што перадаў целы ўсіх закладнікаў, да якіх змог атрымаць доступ

Машына "Чырвонага крыжа" / Reuters
ХАМАС заявіў, што перадаў парэшткі ўсіх закладнікаў, да якіх змог атрымаць доступ. Паводле іх слоў, каб дабрацца да астатніх загінулых палонных, патрэбныя "значныя намаганні і спецыяльнае абсталяванне", піша CNN. Пошук целаў можа быць ускладнены праз вялікія разбурэнни сектара пасля двух гадоў вайны.
Паводле пагаднення з Ізраілем, ХАМАС павінен вярнуць не толькі ўсіх жывых ізраільскіх закладнікаў, але і целы тых, хто не перажыў палон. Гэта значыць, што з Газы павінны былі вярнуць целы 28 чалавек, але за тры дні ХАМАС перадаў толькі 9. Ізраіль пагражае абмежаваць дапамогу ў Сектары Газа і адкласці адкрыццё кантрольнага пункта Рафах, калі целы ўсіх закладнікаў не будуць перададзены.
Да таго ж прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ізраільскія сілы могуць аднавіць баявыя дзеянні ў Сектары Газа, калі ХАМАС не выканае пагадненне аб спыненні агню, якое ўключае раззбраенне. Але два высокапастаўленыя амерыканскія дарадцы паведамілі журналістам, што адмова перадаць астанкі закладнікаў не лічыцца ЗША парушэннем дамоўленасцей.
Штаты праз пасярэднікаў прапануюць разведвальную і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, каб дапамагчы знайсці целы, якія, магчыма, знаходзяцца пад заваламі. Краіны рэгіёна, што маюць вопыт у пошуку астанкаў людзей, загінулых у выніку землятрусаў, таксама прапануюць сваю дапамогу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.