Інфармацыя пра перамовы ФК "Дынама-Брэст" з Кураньі супярэчлівая

Інфармацыя пра перамовы ФК "Дынама-Брэст" з Кураньі супярэчлівая

У аўторак стала вядома, што вядомы нямецкі футбаліст Кевін Кураньі можа заключыць кантракт з брэсцкім "Дынама". Ён з'явіўся на зборы беларускай каманды, які праходзіць у Турцыі. Гэтая навіна стала сенсацыяй. Гульцу хутка 35 гадоў, ён без клуба, апошні сезон правёў няўдала, аднак у мінулым форвард гуляў за "Штутгарт", "Шальке-04", маскоўскае "Дынама", за зборную Германіі, шмат забіваў.

"Прессбол" са спасылкай на прэс-службу ФК "Дынама-Брэст" піша, што 8 лютага Кураньі возьме ўдзел у трэніроўцы і, магчыма, згуляе ў таварыскім матчы з заграбскім "Дынама". Аднак сам футбаліст напісаў учора на сваёй старонцы ў Facebook, што інфармацыя, якая з'яўляецца ў СМІ наконт яго знаходжання ў складзе беларускай каманды, не адпавядае сапраўднасці. "Я не праходжу прагляд і не перайду ў брэсцкае "Дынама", — сцвярджае ён.

І тым не менш, застаецца дачакацца афіцыйнай інфармацыі з футбольнага клуба. Прэс-служба ФК "Дынама-Брэст" пакуль адзначае, што футбаліст знаходзіцца ў статусе свабоднага агента і "не падпісаў кантракт з якім-небудзь клубам". Ён праходзіць "перадсезонную падрыхтоўку" з беларускай камандай.