Ілля з польскім сэрцам: беларус 1,5 года жыве ў бальніцы, яму патрэбна дапамога

Беларус Ілля Жалезнякоў, у Варшаве яму перасадзілі сэрца / Еўрарадыё
У Іллі — новае сэрца. 5 месяцаў таму, у сакавіку, яму зрабілі перасадку.
“Яно не баліць, я не задыхаюся і не баюся засынаць, бо дакладна ведаю, што прачнуся заўтра”, — кажа Ілля. Але сэрца прыжываецца вельмі павольна, і Ілля не можа пачаць новае жыццё.
“Я тут паўтара года, і ніяк не магу выбрацца”, — ўздыхае хлопец. Увесь гэты час ён практычна жыве ў бальніцы. Маленькі адзіночны пакой з ложкам, мінімалістычным столікам, крэслам і прыбіральняй. Пакуль мы размаўляем, у палату адзін за адным заходзяць медыкі.
— Ваша вячэра.
Вячэра — некалькі кавалкаў кавуна, ліст салаты, тварожная намазка, белы хлеб. Ілля не хоча есці. Не можа глядзець на бальнічную ежу.
“Яно някепска, калі любіш такое. А я люблю бургеры і сала”, — стараецца жартаваць хлопец.
— Памераем цукар… Нізкі…
“Калі даверылі скуру — то і душу”
Ілля — гамяльчук. У 14-ць набіў першую тату сябру. З таго часу ніколі не пакідаў сваёй справы і заўсёды меў стабільны добры заробак.
“Я яшчэ школу не скончыў, а ў мяне ўжо былі кліенты — зарабляў больш за маму. Працавала сарафаннае радыё, — распавядае Ілля. — Я заўсёды намагаўся падыходзіць да кліента індывідуальна, размаўляць з ім, даваць час вызначыцца. Бо атрымліваецца, што частка мяне будзе ўсё жыццё з гэтым чалавекам, і я мушу зрабіць так, каб было не сорамна за сваю працу. Таму пасля першай сесіі звычайна кліенты станавіліся маімі сябрамі і вярталіся ізноў. Татуіроўшчык — гэта свайго роду псіхолаг. Калі даверылі скуру — то і душу”.
Цяпер Ілля не ведае, калі вернецца на працу. І ці працягне любімую справу ўвогуле — па-першае, працаваць яму пакуль нельга, па-другое, трасуцца рукі. Калі Ілля пра гэта распавядае, ён плача. Кажа, што ў апошні час стаў слязлівым, і што, магчыма, так сябе праяўляе новае сэрца.
“Я не ведаю, што думаць пра будучыню, бо не магу нічога спланаваць. Гэта замнутае кола. На BySol для мяне адкрыты збор, я прашу грошай у тым ліку на пакой у хостэле. А як я магу сабе нешта зняць, калі раз на тыдзень трэба наведвацца да лекара і мяне могуць проста тут пакінуць?! Я нядаўна нарэшце выйшаў з бальніцы, заплаціў апошнія грошы за хостэл, тыдзень там пражыў і мяне забралі. Грошы пайшлі ўнікуды”.
Сардэчнікі
Уся сям’я Іллі па жаночай лініі — сардэчннікі: і бабуля, і маці, і сёстры. Сэрца Іллі заўсёды працавала спраўна — ён плаваў, едзіў на ровары па бездарожжы, хадзіў у мацоўню, а пасля пераезду ў 2018-м у Польшчу — у горы. А потым стала цяжка дыхаць, падымацца на другі паверх, пачалі ацякаць ногі.
“З партнёркай мы чакалі дзіця, я шмат працаваў. Думаў, што гэта ўсё праз сядзячую працу. Але аднойчы ехаў дадому, і косткі на ступнях ацяклі настолькі, што сталі большыя за ўсю нагу, пачало пекчы ў грудзёх. Я добра ведаю сімптомы сардэчнікаў. Пазваніў у хуткую і закрычаў, што паміраю”...
На той момант Іллі было 30-ць. Хутка яму паставілі кардыёстымулятар, які даў магчымасць больш-менш нармальна пражыць паўтара года. Сям’я пераехала пад Варшаву — бліжэй да бацькоў партнёркі. У пары нарадзілася дачка. Ілля шмат працаваў, але хвароба вярнулася — дапамагаць з дзіцем і па доме не было сіл. Пачаліся скандалы. Маладыя людзі разышліся. Ілля зноў і зноў апынаўся ў бальніцы.
“Паставілі сардэчную недастатковасць, кардыёміяпатыю, удакладнілі іншыя дыягназы. Садрэчныя жалудачкі працавалі нерытмічна, праз што кроў не фільтравалася, органам не хапала кіслароду, збіралася вадкасць. Вадкасць была ў лёгкіх, ацякалі жывот і ногі. Капельніцамі і мачагоннымі ваду спускалі. Так паўтаралася паўтара года. Праз кардыёстымулятар канчаткова выйшаў са строю клапан. Дактары казалі пра неабходнасць перасадкі”.
Увесь гэты час Ілля чакаў адказу ад Нацыянальнага інстытуту кардыялогіі. Аднак яго стан настолькі пагоршыўся, што доктар, які лячыў хлопца, тэрмінова накіраваў яго ў Клініку хірургіі WUM. Чакаць новае сэрца давялося нядоўга.
“Я быў на мяжы, таму стаяў у паскоранай чарзе. Казалі, што пад мае параметры часта ёсць сэрца. Мусіць 3-4 тыдні толькі чакаў, — успамінае Ілля. — Але для таго, каб кваліфікавацца на перасадку, трэба быць цалкам здаровым, каб ніякая балячка не перашкаджала сэрцу прыжывацца. А ў мяне з 16-ці гадоў саркаідоз лёгкіх. І гэта была галоўная прычына адмовіць. Але мяне лячылі, зрабілі зубы, даследвалі ўсё на свеце”.
Новае сэрца
Ілля не ведае, хто яго донар, хаця яму хацелася б ведаць імя гэтага чалавека — каб за яго маліцца.
“Толькі галавой разумею, што ў мяне чужое сэрца, а фізічна — не. Але я ўдзячны, што яно мне дасталася. Спрабую не думаць пра тое, што, як і дзе, бо часам узнікае пачуцце, што я яго скраў. Аднак мне сказалі: “Супакойся. Ты атрымаў новае, маладое, здаровае сэрца, жыві далей”.
Жыць паўнавартасным жыццём пакуль не атрымліваецца. Паступова пасля перасадкі Ілля пачаў хадзіць — а гэта цяжка, бо мышцы падчас доўгага ляжання атрафуюцца. Ён стараўся — паціху падымаўся па лесвіцы, нават даходзіў да крамы. Тыдзень пажыў у хостэле. Пасля чаго — пнеўманія і рэанімацыя, усё праз моцна аслаблены хваробай і лекамі імунітэт.
Сорамна прасіць
Цяпер Ілля зноў спрабуе хадзіць. Але ён вельмі слабы. Важыць усяго 54 кілаграмы. Кажа, што трэба будзе цалкам мяняць гардэроб — схуднеў за час бясконцай бальніцы на 20 кілаграмаў. Яго лячэнне аплочвае дзяржава. Але за гэты час у Іллі скончыўся тэрмін дзейнасці пашпарта і ВНЖ: заняцца дакументамі пакуль нерэальна. Грошы таксама скончыліся.
“Жыву толькі дзякуючы дапамозе звычайных беларусаў, да якіх звярнуўся праз групу ў фэйсбуку. Я асабліва нічога не прашу. Збольшага ваду — мне трэба шмат піць. Маральна цяжка, бо я тут адзін”.
Іллі сорамна за цяперашні збор на BySol, сорамна прасіць: бо дапамога патрэбна маленькім дзецям, а ён дарослы. Але, кажа, што выйсця няма — трэба прайсці гэты шлях.
“Ну, калі гэта цана жыцця, то ў мяне ёсць мэты. Я хачу, каб мая дачка ведала, што ў яе ёсць бацька, які яе любіць. Я выдатна разумею, што яе мама вельмі шмат працуе, каб забяспечваць дзіця, і яна зліцца на мяне, што не плачу аліменты на дачку — я не працую і не маю прыбыткаў. І мая мэта вярнуцца, устаць на ногі, каб паказаць, што я яшчэ нечага варты”.
У Варшаве ў Іллі нікога няма. Да яго рвецца прыехаць немаладая і хворая мама — але ў мамы няма візы, і самастойна прайсці гэты складаны квэст яна не зможа. Калі вы жывеце ў Варшаве і хочаце падрымаць Іллю — нават проста пагаварыць — пішыце у рэдакцыю Еўрарадыё. Мы раскажам, як яго знайсці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.