Ідэолага гомельскага каледжа судзяць за сексуальны гвалт — "Флагшток"

Сахін пры наведванні "Рускага дома" ў Гомелі

Сахін пры наведванні "Рускага дома" ў Гомелі / сацсеткі

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 6 лютага пачнуць разглядаць справу Алега Сахіна. Яго вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару (арт. 167 ч. 3 КК). Працэс будзе закрыты, падрабязнасці справы невядомыя.

Частка 3 артыкула 167 выстаўляецца за "дзеянні, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы". За гэта пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

Мужчына, абвінавачаны па гэтай справе, як высветліў "Флагшток", працаваў у Гомельскім дзяржаўным каледжы бытавога абслугоўвання. На старонцы каледжа ў сацсетках засталіся згадкі Сахіна як аўтара тэкстаў пра выхаваўчую работу з навучэнцамі. Пераважна ён пісаў пра так званае "патрыятычнае выхаванне".

Таксама мужчына пісаў справаздачы пра ўдзел моладзі каледжа ў ідэалагічных мерапрыемствах. Апошняя з іх апублікаваная 18 верасня, яна распавядае пра святкаванне "Дня народнага адзінства". Пасля гэтага імя Сахіна ў пабліку каледжа не згадваецца, свае старонкі ў сацсетцы ён таксама не абнаўляў.

У інфармацыі пра сябе Сахін згадваў, што жанаты і працуе ў каледжы бытавога абслугоўвання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.