Халезін пра пяты пакет санкцый і тое, чаму Украіна не думае пра будучыню

Калі будзе пяты пакет і што ў ім будзе? / Укрінформ
Калі будзе пяты пакет і што ў ім будзе? / Укрінформ

Чаму еўрапейцы гатовыя прымаць усё новыя пакеты санкцый у дачыненні да Беларусі хутчэй, чым раней, у эфіры Еўрарадыё растлумачыў праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін.

— Цалкам памяняўся кантэкст супрацьстаяння. Да чацвёртага пакета быў доўгі перыяд, калі еўрапейцы выкарыстоўвалі практыку назірання. Глядзім, назіраем і чакаем. Гэта сітуацыя зацягнулася. Не хапала трыгера, які б завёў сітуацыю, якая ўсім ужо добра-такі паднадакучыла, — сказаў Халезін.

На думку Халезіна, сітуацыя цалкам змянілася пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. Але ўлады, лічыць ён, яшчэ не зразумелі сур'ёзнасці сітуацыі.

— У дачыненні да еўрапейскай дзяржавы яшчэ ніколі не ўводзіліся сектаральныя санкцыі. Былі фрагментарныя санкцыі ў дачыненні да Расіі пасля сітуацыі з Крымам. Цяпер гаворка ідзе пра вельмі канкрэтныя меры.

Ён сказаў, што мае звесткі пра тое, якія асобы і кампаніі ўвойдуць у пяты пакет санкцый, але не можа агучваць гэтых звестак.

— Гэта інфармацыя засакрэчаная. Нават адна еўрапейская структура не можа даведацца гэту інфармацыю ў іншай. Гэта закон.

А ці далучыцца Украіна да новага пакету?

— Краіны дзеляцца на дальнабачныя, недальнабачныя і Украіну. Я не магу зразумець логікі Украіны ў дачыненні да Беларусі. Магу зразумець логіку Аўстрыі, якая спрабуе захаваць свой бізнес. Разумею Літву, якая падтрымлівае беларускія пратэсты коштам свайго бізнесу і разлічваючы атрымаць прэферэнцыі ў будучыні. Ігнараваць беларускі парадак дня — гэта не мадэль дарослай краіны. Трэба вызначацца, з кім ты і як будзеш рухацца далей.

Зрэшты, не разумее Халезін не толькі Украіну, але і Ізраіль. Ён нагадвае, што амбасадар Ізраіля ўручыў даверчыя граматы. І лічыць, што краіна "не думае пра будучыню". Украіна, лічыць Халезін, павінна пра гэту будучыню думаць.

Пазіцыя Мікалая Халезіна — у інтэрв'ю Еўрарадыё.

Мікалай Халезін пра пяты пакет санкцый

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.