Грошы з банкаўскіх картак 2500 беларусаў скралі малдаване
Ужо затрыманы грамадзянін Малдовы, якога падазраюць у крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. Яму выставілі абвінавачанне.
Як паведамляе "Интерфакс-Запад", праваахоўныя органы шукаюць яшчэ некалькі грамадзян Малдовы, якія, па дадзеных следства, маюць дачыненне да крядзяжоў грошай з банкаўскіх рахункаў беларусаў. Агулам у 2500 пацярпелых, жыхароў Мінска і Гомеля, было скрадзена 475 мільёнаў рублёў (больш за 50 тысяч долараў).
Ужо вядома, што зламыснікі карысталіся спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія яны ўстанавілі ў банкаматах на вуліцах Свярдлова і Кальварыйскай. З іх дапамогай здымалася інфармацыя з магнітных палосаў картак і пін-коды да іх. Пасля адбываўся крадзеж сродкаў.
Таксама ўстаноўлена дачыненне грамадзян Малдовы за крадзяжу грошай з картак жыхароў Оршы ў лютым-сакавіку 2013 года на агульную суму 230 мільёнаў рублёў (больш за 26 тысяч долараў).