Грошы для барацьбы са стыхіямі перакінулі на знос будынка "Беларусьфільма"

"Беларусьфільм", ілюстрацыйнае фота

"Беларусьфільм", ілюстрацыйнае фота

За грошы, вылучаныя на барацьбу з наступствамі стыхіяў, у Мінску будуць зносіць будынак "Беларусьфільма". Аднаведная пастанова ўрада з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Урад абавязаў Міністэрства фінансаў вылучыць да 2,5 млн рублёў на аплату расходаў "Беларусьфільма" па зносе аварыйнага будынку колішняга цэху апрацоўкі плёнкі і ўтылізацыі будаўнічых адыходаў з рэкультывацыяй зямлі. Грошы загадана ўзяць з бюджэтных сродкаў, прадугледжаных для фінансавання выдаткаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі.

Як адзначае Радыё Свабода, урад нярэдка пераразмяркоўвае выдаткі цягам году пасля ўхвалення дзяржбюджэту. Ва ўмовах дэфіцыту найчасцей фінансаванне павялічваецца за кошт сродкаў, вылучаных на абслугоўванне замежнага дзяржаўнага доўгу. З гэтай крыніцы павялічваліся заробкі ў лясной гаспадарцы, фінансаваліся дадатковыя меры па кібэербяспецы для Дзяржаўнага мытнага камітэта, браліся грошы на капітальны рамонт гідраметэаралагічных аб’ектаў для Мінпрыроды, дзяржаўных СМІ і гэтак далей.

У 2020 годзе за кошт сродкаў, вылучаных на барацьбу са стыхіямі, фінансавалі "барацьбу з COVID-19".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.