Грамадзянін Беларусі пацярпеў у буйной аварыі пад Варшавай

Аварыя пад Варшавай

Аварыя пад Варшавай / TVP3

Мінулай ноччу на паўднёвай аб'язной дарозе Варшавы (траса S2) адбыліся два сур'ёзныя ДТЗ, у выніку якіх пацярпелі 17 чалавек, сярод іх — грамадзяне Беларусі, Украіны, Іспаніі і Польшчы, паведамляе радыё RDC.

Паводле інфармацыі варшаўскага ўпраўлення пажарнай аховы, першая аварыя здарылася каля 3 гадзін ночы ў раёне аэрапорта Шапэна: аўтобус з 26 пасажырамі ўрэзаўся ў адбойнік і перакуліўся на бок.

На месца прыбылі ратавальнікі. Падчас іх працы адбылося другое сутыкненне — грузавік на поўнай хуткасці ўрэзаўся ў пажарны аўтамабіль OSP Dawidy, які стаяў на ўзбочыне.

17 чалавек атрымалі раненні, двое з іх — у цяжкім стане (кіроўца фуры і пажарны).

Ва ўсіх пацярпелых — траўмы галавы, грудной клеткі і канечнасцяў. На працягу 20 хвілін усе пацярпелыя былі дастаўлены ў шпіталі Варшавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.