Гомельскі пенсіянер "замініраваў" за дзень тры крамы

Каля 5-й гадзіны вечара на нумар 102 паступіла ананімнае паведамленне, што ў краме на вуліцы Брэсцкай закладзена выбуховая прылада. Пры гэтым "тэлефонны мінёр" назваў два адрасы, адзначае odsgomel.org.



На месца аператыўна выехалі падраздзяленні некалькіх ведамстваў. З абедзвюх крам і жылых дамоў яны эвакуявалі людзей. Аднак інфармацыя пра выбуховую прыладу не пацвердзілася.



Праз паўгадзіны той жа чалавек назваў новы адрас — крама на вуліцы Валгаградскай. Пасля праверкі будынка выбуховую прыладу не знайшлі і там.



Выявілася, што ілжывыя паведамленні паступалі з мабільнага тэлефона ад непрацуючага 62-гадовага пенсіянера, які быў нецвярозы. Мужчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы.



Фота — inpress.ua