Гомельскага праваабаронцу здымалі на мяжы з цягніка

Гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку знялі з цягніка “Вільня — Мінск” падчас вяртання з працоўнай паездкі. Першымі ў цягнік у Гудагаі зайшлі мытнікі, якія не выявілі ніякіх парушэнняў. Пасля памежнік правяраў пашпарт, паўторна прапусціў яго праз сканер і выклікаў па рацыі старшага нараду. Ён прыйшоў, забраў пашпарт і сышоў. А праз дзесяць хвілін зноў з’явілася прадстаўніца мытні, якая папярэдзіла, што ў Маладзечна Судаленку давядзецца сыйсці з цягніка, бо ў дачыненні да яго вырашылі правесці асабісты дагляд.

Праваабаронца паказаў мытніцы раздрукоўку артыкула Мытнага кодэксу аб мытным даглядзе. Паводле яго супрацоўнікі мытні мусяць мець дастатковыя дадзеныя, каб падазраваць у правозе забароненых рэчаў і папярэдне прапанаваць іх выдаць. Толькі пасля адмовы можа прымяняцца асабісты дагляд. Аднак аргументы Леаніда Судаленкі былі праігнараваныя. Праваабаронца быў папярэджаны аб прымяненні фізічнай сілы ў выпадку непадпарадкавання, яму прыгразілі адміністрацыйнымі санкцыямі.

У Маладзечна Леаніда Судаленку ўзялі ў шчыльнае кола каля 12 мытнікаў і памежнікаў, і сілай выцягнулі з вагона. Праваабаронца заўважыў, што яны прыйшлі з аператарам, які здымаў ўсё гэта на відэа.
Асабісты дагляд праводзілі цягам дзвюх гадзін. У складзеным акце сярод пераліку знойдзеных рэчаў асобна адзначылі адсутнасць замежных пластыкавых картак, хаця папярэдне выдаць іх ніхто не прапаноўваў. Нічога забароненага ў праваабаронцы так і не знайшлі. Яго адпусцілі.

Незаконнае прымяненне меры асабістага дагляду Леанід Судаленка будзе спрабаваць даказаць праз суд, не абмінаючы нанясенне матэрыяльнай і маральнай шкоды. Ён быў вымушаны за свой кошт набываць новыя квіткі, каб дабрацца да Гомеля. Акрамя таго, у той дзень праваабаронца спяшаўся на пахаванне. Затрымка на мяжы стала стрэсавай сітуацыяй, у выніку якой у яго павысіўся ціск і давялося выклікаць хуткую дапамогу.

Судаленка: “Самае галоўнае — я хачу паказаць абсурднасць практыкі прымянення гэтай выключнай меры мытнага дагляду. Гэтую практыку патрэбна ламаць, таму што ў маёй сітуацыі можа апынуцца любы, нават калі ён самы законапаслухмяны грамадзянін”.

Нагадаем, што ў траўні гэтага года Леаніда Судаленку таксама затрымлівалі і даглядалі на мяжы на прапускным пункце “Каменны Лог”. Тады ў яго без тлумачэння прычын канфіскавалі ноўтбук, які дагэтуль так і не вярнулі, нягледзячы на скаргі ў Мытны камітэт і суд Ашмянскага раёна.