Гіркін пацвярджае, што ўкраінскія войскі здзейснілі прарыў на паўднёвым фронце
Камандзір расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Гіркін (Стралкоў) пацвярджае, што ўкраінскія войскі здзейснілі прарыў на паўднёвым фронце. Па яго даных, расіяне спрабуюць стрымаць наступ з дапамогай артылерыі і авіяцыі. Украінцы спрабуюць пашырыць "гарлавіну" свайго прарыву ў раёне Давыдава Брода (поўнач Херсонскай вобласці).
Па звестках Гіркіна, украінскія войскі атакавалі расійскія пазіцыі і на захад ад Херсона.
Пра прарыў першай лініі абароны расійскіх войскаў на Херсоншчыне стала вядома з украінскіх крыніц у панядзелак. Аднак афіцыйны Кіеў пакуль не каментуе сітуацыю.
Пра ўкраінскую "паўднёвую аперацыю" ўжо пішуць, як пра "доўгую, унікальна хітрую і нечаканую". Падчас яе на часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці былі знішчаныя амаль усе буйныя масты, украінцы наносяць удары па пантонных пераправах, адразаючы расійскія войскі ад паставак узбраенняў.