"Гэта была пякельная ноч" — прадстаўнік адэскіх уладаў пра атаку на горад
Ліквідацыя наступстваў расійскай атакі ў Адэсе / @dsns_telegram
Расія другую ноч запар бамбардуе ўкраінскі порт, піша Reuters. Агенцтва нагадвае, што ў ноч на аўторак якраз скончылася збожжавая ўгода, і Расія адмовілася яе падаўжаць. А Адэса была адным з асноўных партоў Украіны, праз які ішоў экспарт збожжа.
Прадстаўнік Адэскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук заявіў, што гэтая ноч у Адэсе была "пякельнай". Атака была "вельмі магутнай, па-сапраўднаму масіраванай", сказаў ён у галасавым паведамленні на сваім канале Telegram у сераду. У Паветраных сілах Украіны расказалі, што гэтай ноччу расіяне запусцілі па Украіне 16 крылатых ракет "Калібр", 8 крылатых ракет Х-22, 6 крылатых ракет "Онікс", а таксама кіравальную авіяцыйную ракету Х-59. Акрамя таго, былі выкарыстаныя 32 ударныя БПЛА тыпу Shahed-136/131. Частку ракет і беспілотнікаў атрымалася збіць, у тым ліку 13 "Калібраў", ракету Х-59 і 23 дроны. Ракета Х-22 і "Оніксы" былі нацэленыя на інфраструктуру Адэскай вобласці, кажуць вайскоўцы. Паводле звестак адэскіх ратавальнікаў, пацярпелі пяць чалавек.
Таксама ёсць траплянне ў інфраструктурны аб'ект у Жытомірскай вобласці. Зафіксаванае траплянне ў Херсонскай вобласці, тут адбыўся пажар у Доме культуры, а таксама пашкоджаны двухпавярховік. Пра гэта піша Hromadske. Пацярпела пажылая жанчына. Яна аказалася пад заваламі ўласнага дома. Дактары аказалі ёй дапамогу на месцы, яе стан ацэньваюць як здавальняючы.