Генпракурор абяцае змагацца са стрытрэйсінгам у Беларусі

Генпракурор абяцае змагацца са стрытрэйсінгам у Беларусі

У Беларусі будуць змагацца са стрытрэйсінгам. Пра такую заяву генпракурора Аляксандра Канюка па выніках праведзенага пасяджэння Савета бяспекі паведамляе БЕЛТА.

Стрытрэйсінг — неафіцыйныя вулічныя гонкі, якія праходзяць на грамадскіх дарогах. Пракурор заявіў, што гэтая з'ява становіцца праблемай. "Толькі ў 20-градусны мароз гэта, вядома, не актуальна. А так той, хто жыве, да прыкладу, на праспекце Пераможцаў у Мінску, выдатна ведае, што адбываецца з аўтамабілямі і матацыкламі... Бо шмат скаргаў ідзе ад людзей. Мы гэтай тэмай займаліся, думаю, што ўрэшце больш канкрэтна падыдзем да яе вырашэння", — зазначыў Канюк.

Генпракурор падкрэсліў, што стрытрэйсера, які едзе на матацыкле Kawasaki на хуткасці 250 кіламетраў у гадзіну, затрымаць вельмі складана. У іншых дзяржавах ўжо існуюць спецпадраздзяленні па барацьбе з такімі парушальнікамі. "Я не кажу, што мы так будзем рабіць. Але праблема ёсць", — дадаў ён.