Генпракуратура Літвы пачала расследаванне гібелі амерыканскіх вайскоўцаў
Ратавальная аперацыя ў Літве / Lietuvos kariuomenės
Генеральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне па факце гібелі амерыканскіх вайскоўцаў на палігоне ў Пабрадзе. Гэта адбылося пасля таго, як зранку ў панядзелак з багны дасталі гусенічную браняваную рамонтна-эвакуацыйную машыну ЗША. Вайскоўцы складалі яе экіпаж.
"Распачатае дасудовае расследаванне для высвятлення прычын смерці", — заявіла ў Сейме генеральны пракурор Літвы Ніда Грускене, перадае lrt.lt.
Яна дадала, што на месца здарэння выехаў пракурор, а расследаваннем займаецца Генпракуратура.
Гусенічная машына M88 Hercules з чатырма амерыканскімі вайскоўцамі на борце знікла 25 сакавіка падчас вучэнняў на палігоне Пабрадзе. Выявілі яе на наступны дзень у багністай мясцовасці на глыбіні каля пяці метраў.
Маштабная аперацыя па даставанні машыны заняла некалькі дзён. Выцягнуць яе ўдалося толькі пад раніцу панядзелка, 31 сакавіка.
Афіцыйнай інфармацыі пра тое, ці знайшлі ў танку целы вайскоўцаў, пакуль няма. Яе афіцыйна мае абвясціць амерыканскі бок.
Кіраўнік фонду аднаўлення і абароны балот Нерыюс Заблецкіс заявіў, што балота, у якое правалілася амерыканская гусенічная машына, не было абазначанае на мапах.