Генпракуратура хоча змагацца з дваровымі акцыямі

Генпракуратура хоча змагацца з дваровымі акцыямі

Бліжэйшым часам Генпракуратура плануе заняцца дваровымі прастэснымі акцыямі. Пра гэта генпракурор Андрэй Швед паведаміў у праграме "Размова з прэзідэнтам" на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 4 студзеня.

Швед стаў генпракурорам у 2020 года. Як ён кажа, пры прызначэнні на пасаду Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад яго спыніць "любыя факты дэстабілізацыі грамадскай бяспекі". Па словах Шведа, гэта азначае перш за ўсё няўхільнае пакаранне ўсіх, хто "ў той ці іншай форме замахнуліся на грамадскую бяспеку, на прадстаўнікоў дзяржавы, на прадстаўнікоў праваахоўнай сістэмы".

Пра адказнасць сілавікоў за гібель людзей, катаванні і траўмы генпракурор не сказаў ні слова. Нездарма ў Беларусі за пяць месяцаў не пачалі ніводнай крымінальнай справы па гэтых фактах.

Швед заявіў, што сёння сітуацыя на вуліцах Мінска ды іншых гарадоў абсалютна стабільная, але заспакойвацца рана. "Для сябе паставілі і яшчэ шэраг задач, якія таксама неабходна выконваць у гэтым кантэксце. У прыватнасці, гэта пытанні, звязаныя з выяўленнем і спыненнем так званых фактаў дваровых пратэсных акцый", — паведаміў генпракурор. Ён упэўнены, што большасць лакальных акцый "ажыццяўляецца за грошы замежных спонсараў".

Вулічныя пратэсты ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня. З надыходам халадоў акцыі ў Мінску сталі лакальнымі і праходзяць у мікрараёнах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.