"Газпрам" цалкам спыніў "Паўночны паток" на нявызначаны тэрмін
 
  "Газпрам" цалкам спыніў "Паўночны паток" на нявызначаны тэрмін. У сваёй заяве карпарацыя спасылаецца на праблемы з адзінай працоўнай турбінай. "Планавае тэхнічнае абслугоўванне" выявіла няспраўнасці. Пакуль іх не выправяць, газаправод працаваць не будзе. А для гэтага патрабуюцца "ўмовы спецыялізаванага рамонтнага прадпрыемства". Гэта азначае, што "рамонт" надоўга. "Па супадзенні" ён патрабуецца якраз тады, калі Еўропа папаўняе свае газавыя сховішчы перад зімой.
У Еўракамісіі лічаць, што "Газпрам" абвясціў аб закрыцці газаправода "Паўночны паток" пад ілжывай падставай. А гэта "з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем яго ненадзейнасці як пастаўшчыка", піша прадстаўнік Еўракамісіі Эрык Мамер. "Гэта таксама доказ цынізму Расіі, паколькі яна аддае перавагу спальванню газу замест таго, каб выконваць кантракты", — дадае ён.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
