Фядута ў калоніі ходзіць з кіёчкам, а Паротнікава трымаюць у ШІЗА

Аляксандр Фядута на судзе

Аляксандр Фядута на судзе

Палітвязень Аляксандр Фядута за кратамі моцна схуднеў і ходзіць з кіёчкам. Пра гэта ў гутарцы з прэс-службай БАЖ расказаў відэаператар-фрылансер "Белсата" Вячаслаў Лазараў, вызвалены 11 верасня і дэпартаваны ў Літву.

У калоніі ён бачыўся з Фядутам, асуджаным па абвінавачанні ў спробе захопу ўлады. Паводле Лазарава, адміністрацыя калоніі папярэдзіла, што за размовы з Фядутам адразу адправяць у штрафны ізалятар (ШІЗА). Раней, кажа, адпраўлялі на 10 сутак, цяпер — на 15.

"Ён вельмі моцна схуднеў. Ходзіць з кіёчкам, часцей за ўсё ходзіць з суправаджэннем, бо самому перасоўвацца цяжка. Асноўная праблема Фядуты — сэрца. Яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, апошні раз, здаецца, некалькі месяцаў таму вазілі. Але трымаецца, жартуе, з ім цікава пагаварыць на любыя тэмы", — кажа экс-палітвязень.

Дарэчя, усе, хто праходзіў з Фядутам па адной справе, ужо выйшлі на волю: Рыгор Кастусёў і Юрый Зянковіч былі памілаваныя.

Таксама Лазараў быў у адным атрадзе з аналітыкам Андрэем Паротнікавым, асуджаным па абвінавачанні ў "здрадзе радзіме".

"Не ведаю, як складзецца далей, але ён фактычна не вылазіць з ШІЗА. Каля двух месяцаў таму яго перавялі ў ПКТ. Усе абвінавачанні на ягоны адрас надуманыя. Я добра яго ведаю — гэта спакойны неканфліктны дзядзька, які самастойна ствараць канфліктную сітуацыю для сябе не стане", — расказаў Лазараў пра Паротнікава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.