Футбол у Гомелі пераносяць, бо міліцыянты занятыя на "Дажынках" у Жлобіне
Футбольны матч чэмпіянату Беларусі паміж "Гомелем" і гродзенскім "Нёманам" перанесены з 28-га на панядзелак, 30 верасня.
Па неафіцыйнай інфармацыі, перанос на нязручны дзень звязаны з тым, што ў Жлобіне 28 верасня пройдуць рэспубліканскія "Дажынкі". Матч павінен быў адбыцца 28 верасня, у адзін дзень з "Дажынкамі". У Жлобін, куды прыбудзе Аляксандр Лукашэнка, накіруюць гомельскую міліцыю.
Як пракаментавалі агенцтву БелаПАН у гомельскай абласной міліцыі, сапраўды іх асноўныя сілы будуць працаваць 27—28 верасня ў Жлобіне, у тым ліку ў начны час. Разам з тым міліцыянты кажуць, што ў іх дастатковая колькасць супрацоўнікаў для аховы грамадскага парадку ў Гомелі. А футбольны матч у Гомелі перанеслі для больш якаснага забеспячэння аховы грамадскага парадку.
Фота — football.by