Фотафакт: мінчук захоўваў у гаражы 3 тоны сыру на 200 млн
Мінчук захоўваў у гаражы 3 тоны сыру на 200 мільёнаў рублёў. Дакументаў на прадукцыю ён не меў. Праваахоўнікі даведаліся пра гэта, калі сталі сведкамі перагрузкі ўпакаваных сыроў з легкавіка ў прычэп грузавіка з расійскімі нумарамі. Высветлілася, што сыр быў вывезены з гаража. Грузавік туды не мог пад'ехаць, таму прадукцыю транспартавалі на легкавым аўтамабілі.
Як інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі, гараж быў у антысанітарным стане, там жа захоўваліся каністры з гаруча-змазачнымі вадкасцямі і аўтазапчасткі. Уладальнікам гаража і дырэктарам суб'екта гаспадарання аказаўся 45-гадовы жыхар сталіцы. Раней яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне санітарных нормаў ды за рэалізацыю пратэрмінаваных тавараў. Аднак прадпрымальнік працягваў пастаўляць прадукты на аб'екты грамадскага харчавання. На гэты раз міліцыя не дапусціла патраплення сыру ў гандлёвыя кропкі. Не выключана, што мужчына займаўся незаконным экспартам прадукцыі ў замежжа (верагодна, у Расію).
Праводзіцца праверка. Мінчуку пагражае адміністрацыйная адказнасць, штраф і канфіскацыя тавару.