ФК "Дынама" пацвердзіў "адхіленне" галоўнага трэнера Душана Угрына
Выконваючым абавязкі прызначаны Вук Рашавіч, які дагэтуль быў спартыўным дырэктарам клуба.
Футбольны клуб "Дынама-Мінск" пацвердзіў, што чэшскі спецыяліст Душан Угрын адхілены ад абавязкаў галоўнага трэнера. У афіцыйнай заяве адзначаецца: "У сувязі з незадавальняючымі вынікамі на старце сезона кіраўніцтва ЗАТ ФК "Дынама-Мінск" прыняло рашэнне адхіліць ад выканання абавязкаў галоўнага трэнера ФК "Дынама-Мінск" — Душана Угрына, трэнераў Марціна Сведзіка і Драгаша Піку, з якімі вядуцца перамовы аб скасаванні кантракта".
Выконваць абавязкі галоўнага трэнера на бліжэйшы матч з ФК "Тарпеда-БелАЗ", які адбудзецца 4 траўня, прызначаны Вук Рашавіч, спартыўны дырэктар клуба.

Нагадаем, учора мінскае "Дынама" прайграла БАТЭ паўфінальны матч Кубка Беларусі — 1:3. За два апошнія тыдні дынамаўцы двойчы прайгралі свайму галоўнаму канкурэнту ў барацьбе за золата беларускага чэмпіянату (паражэнне з лікам 0:2 было ў першынстве Беларусі). Душан Угрын працаваў з "Дынама" з 19 снежня 2014 года. Ён стаў 29-м трэнерам мінскага "Дынама" з 1999 года. Гаспадаром "Дынама" ўсе гэтыя гады з'яўляецца бізнесмен Юрый Чыж.
Фота: by.tribuna.com, dinamo-minsk.by