Фестываль Exit пройдзе ў апошні раз — на арганізатараў ціснуць улады Сербіі

Фестываль Exit у Сербіі пройдзе ў апошні раз / exitfest.org
Музычны фестываль Exit адбудзецца ў апошні раз. Пра гэта заявілі арганізатары аднаго з самых папулярных еўрапейскіх івэнтаў, якому сёлета спаўняецца 25 гадоў. Прычына — "недэмакратычны ціск" сербскіх уладаў.
Як піша BBC, Exit сваімі каранямі сыходзіць у прадэмакратычны пратэстны рух, які ў 2000 годзе прывёў да паразы Слабадана Мілошавіча на прэзідэнцкіх выбарах у Югаславіі. З таго часу мерапрыемства праводзілася кожны год. У цэнтры была тая ці іншая актуальная тэма — ад "Спынім гандаль людзьмі" да "Гучна і квірна".
Пасля леташняй катастрофы ў будынку вакзала Нові-Сад (другі па велічыні горад у Сербіі), дзе ад абвальвання бетоннага казырка загінулі 16 чалавек, у горадзе пачаліся масавыя студэнцкія пратэсты. Іх публічна падтрымалі арганізатары Exit. Пасля гэтага ўлады спынілі фінансаванне фестывалю і зрабілі так, што ад удзелу ў форуме адмовіліся некалькі буйных традыцыйных фундатараў.
Арганізатары ўпэўненыя, што прычына такога павароту — у адкрытай падтрымцы антыкарупцыйнаму пратэстнаму руху студэнтаў, які не сціхае ў Сербіі. Чыноўнікі гэтыя абвінавачванні абвяргаюць, запэўніваючы, што на гэта проста няма грошай.
Летась фестываль наведала 200 тысяч чалавек. За 25 гадоў існавання яго хэдлайнерамі станавіліся The White Stripes, Arctic Monkeys, The Cure ды іншыя. У ліпені на фестывалі ўжо шосты раз павінны выступіць Prodigy, а таксама Sex Pistols (з Франкам Картэрам) і французскім дыджэем і прадзюсарам DJ Snake.
"Фэст адкрыў вочы міжнароднай аўдыторыі, прыцягваючы ў краіну мноства замежнікаў, якія, магчыма, мелі негатыўнае ўражанне пра Сербію — ці нават наогул не мелі ніякага", — кажа Дэрыл Фідэлак, які кіруе бялградскім лэйблам гуказапісу.
Апошні Exit пройдзе з 10 па 13 ліпеня ў сваім трарадыцыйным месцы — цытадэлт Петраварадын, каля Нові-Сад. Ці будзе фэст перанесены ў іншую краіну пакуль невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.