Фельчарку з Гродна звольнілі, калі яна была на бальнічным
Медык, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Гродзенка праз суд аспрэчыла сваё звальненне з клініка-дыягнастычнай лабараторыі ў адной з устаноў аховы здароўя, піша Hrodna.life.
Жанчына працавала фельчаркай-лабаранткай вышэйшай катэгорыі. Звольнілі яе паводле пагаднення бакоў.
На судзе гродзенка заявіла, што заяву аб звальненні яе прымусіў напісаць старшы фельчар-лабарант. Сама яна на той момант была стомленай маральна і фізічна і не ўсведамляла, да чаго гэта прывядзе.
Жанчына пайшла на бальнічны па доглядзе і паведаміла загадчыцы лабараторыі пра звальненне. Гродзенка запатрабавала адклікаць яе заяву, але з лабараторыі ёй дадому прывезлі працоўную кніжку. Пасля гэтага жанчыне стала дрэнна: яна звярнулася па меддапамогу і лячылася.
Справу разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна. Фельчарка прасіла аднавіць яе на ранейшай пасадзе, выплаціць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу і 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Аднак на судзе жанчына адмовілася ад пазову. Яна паведаміла, што спрэчку вырашылі да суда. На якіх умовах была дасягнутая дамоўленасць, не паведамляецца.