Фатограф Іван Мішчук пракаментаваў гісторыю пра два пашпарты

Іван Мішын (злева) і Іван Мішчук (справа)

Іван Мішын (злева) і Іван Мішчук (справа) / АІС "Пашпарт"

Фатограф Іван Мішчук заяўляе, што атрымаў у Польшчы палітычны прытулак, таму, маўляў, не можа мець дачынення да беларускіх спецслужбаў.

Так ён пракаментаваў журналісцкае расследаванне, у якім сцвярджалася пра "пашпарт прыкрыцця" на Івана Мішына з фатаграфіяй Мішчука. Тлумачэнні з'явіліся ў адным з чатаў польскіх фатографаў, заўважыла "Наша Ніва".

"У мяне няма другога пашпарта, я заехаў па сваім адзіным дакуменце Івана Валерыевіча Мішчука, а не нейкага Івана Мішына", — напісаў Мішчук.

Таксама фатограф патлумачыў, што ў падзеях 2020 года не ўдзельнічаў, бо з 7 па 19 жніўня ляжаў у шпіталі з каранавірусам. Пры гэтым ён прыехаў у Польшчу па гуманітарнай візе.

Мішчук падкрэсліў, што ў Польшчы яму далі палітычны прытулак: "У артыкуле гаворыцца, што мной зацікавіліся ў ByPol і перадалі інфармацыю ў офіс Ціханоўскай, але ў гэты ж час я атрымаў палітычны прытулак у Польшчы. Што супярэчыць таму, што я спецагент. Калі адны нібыта знайшлі ў мяне другі пашпарт, іншыя далі абарону, таму што я супраць рэжыму Лукашэнкі і я не ўяўляю ніякіх пагроз". Мужчына ўдакладніў, што падаў на абарону, калі заканчвалася гуманітарная віза, і атрымаў дакумент 22 чэрвеня 2023.

Праўда, атрыманне палітычнага прытулку не пацвярджае аўтаматычна недатычнасць да беларускіх спецслужбаў. Напрыклад, нядаўна з Чэхіі выслалі былую беларускую журналістку Наталлю Судлянкову, якая мела палітычны прытулак у Чэхіі і шмат гадоў працавала на ГРУ.

Напрыканцы допісу Мішчук заявіў, што звярнуўся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр "Вясна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.