Эстонскі дэпутат: І ў Беларусі павінна быць перспектыва ўваходжання ў ЕС

На фоне ўкраінскіх падзеяў адносіны Еўрасаюза з усходнімі краінамі-суседкамі змяняюцца. Гэта тычыцца не толькі ўзаемаадносін з Расіяй, але і з Беларуссю, і з Украінай. І гэтыя змены з’яўляюцца вызначальнымі для акрэслення будучай палітыкі ЕС з гэтымі трыма краінамі. Такое меркаванне выказаў старшыня камісіі па міжнародных справах Эстонскага парламента Марка Міхельсон падчас канферэнцыі "Выклікі Украіны і рэгіянальнае саперніцтва Захад-Усход у кантэксце Беларусі".

Марка Міхельсон: “Тая палітыка, якая была вызначаная Еўрасаюзам, асабліва палітыка “Усходняга партнёрства”, павінна быць перафармуляваная. Дакладней, павінна быць выпрацавана новая палітыка. Палітыка, якая дала б больш канкрэтныя вынікі асабліва для тых краін, якія хочуць не толькі мець добрыя адносіны з ЕС, але і мець у будучым магчымасць стаць кандыдатам у ЕС і стаць у будучым удзельнікам ЕС”.

Прычым, такія гарантыі, упэўнены эстонскі парламентарый, павінны мець не толькі тыя краіны “Усходняга партнёрства”, якія упэўнена ідуць насустрач ЕС, але і тыя, хто, як Беларусь, больш глядзіць у бок ЕўрАзЭС.

Марка Міхельсон: “Кіраўніцтва Беларусі і, да прыкладу, Арменіі, заяўляюць, што будучае іх дзяржаў ці то ў Еўразійскім саюзе, ці то ў Мытным саюзе. Але гэта яшчэ, па-мойму, не сведчанне таго, што ў далёкім будучым менавіта так і будзе”.

Як будзе перафармуляваная палітыка ЕС у дачыненні да краін ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, залежыць ад новага міністра замежных спраў ЕС, новага складу Еўракамісіі і Еўрапарламента — акурат цяпер у краінах ЕС праходзяць выбары ў Еўрапейскі парламент. І гэтыя будучыя змены павінны адбывацца з улікам “фактара Расіі”, упэўнены Марка Міхельсон. Дакладней, найперш Еўрасаюзу трэба вызначыцца ў сваёй пазіцыі па Расіі.

Марка Міхельсон: “Вельмі важна для таго, каб гэтая палітыка і пазіцыя хаця б выглядалі больш канкрэтна, моцна і адзіна, той чалавек, які будзе прадстаўляць ЕС у знешняй палітыцы ці палітыцы бяспекі, павінен вельмі добра ведаць Расію — разуменне дыпламатыі, культуры і палітыкі Расіі павінны быць вызначальным фактарам. Мне падаецца, што наступныя 5, а верагодней, 10 гадоў расійскі прэзідэнт хоча быць лідарам Расіі. Гэта і вызначае ход тых палітычных імкненняў, якіх мы можам чакаць з боку нашага ўсходняга суседа. І гэта адзін з самых сур’ёзных выклікаў для Еўрасаюза”.

Па словах эстонскага палітыка, тое, што адбываецца з Расіяй цягам некалькіх апошніх месяцаў, яе “несяброўскае” стаўленне да Украіны не стала для палітыкаў, аналітыкаў і экспертаў Эстоніі сюрпрызам — яны прагназавалі, што нешта падобнае з Расіяй мусіла адбыцца.

Марка Міхельсон: “Тыя крызісы, якія адбываюцца вакол Украіны, і тая агрэсіўная імперыялістычная палітыка Расіі адкрываюць вочы тым еўрапейскім палітыкам, якія не хочуць разумець, што нічога грунтоўнага з Масквой за апошнія 23 гады не адбылося. А тыя фактары, якія ўплываюць на прыняцце рашэння Крамлём, сыходзяць з больш глыбокіх прычын”.

Канфлікт ва Украіне, удзел у ім Расіі, перагляд палітыкі і пазіцыі Еўрасаюза адносна Расіі і “Усходняга партнёрства” адкрываюць новыя перспектывы і магчымасці для іншых усходніх краін-суседзяў Еўрасаюза. І пажадана, каб гэтыя краіны, найперш Беларусь, скарысталіся патрэбным чынам гэтымі перспектывамі і магчымасцямі, заўважае Марка Міхельсон.

21 траўня ў Таліне пачалася канферэнцыя "Выклікі Украіны і рэгіянальнае саперніцтва Захад-Усход у кантэксце Беларусі", удзел у якой бяруць беларускія, расійскія, украінскія і еўрапейскія палітолагі, эканамісты, сацыёлагі і аналітыкі. Сярод удзельнікаў Алег Манаеў і Андрэй Суздальцаў, Леанід Злотнікаў і Аркадзь Мошас, Алесь Міхалевіч і генерал Антс Ляянеотс, Ганна Дынэр і Юрый Зісер.