Эмігрант хацеў вывезці беларуску для прастытуцыі ў Аўстралію

Напрыканцы 2014 года праваахоўнікі паведамлялі пра затрыманне ў Мінску 41-гадовага ўраджэнца Беларусі, які цяпер з'яўляецца грамадзянінам Аўстраліі. У мужчыны канфіскавалі какаін і гашыш. Яго ўзялі пад варту і абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў.

Падчас расследавання, як паведамляе сайт Следчага камітэта, выявілася, што мужчына арганізоўваў сэксуальныя паслугі. Ён паабяцаў 22-гадовай мінчанцы высокія заробкі за заняткі прастытуцыяй. Кліентаў для дзяўчыны ён падбіраў толькі з ліку сваіх знаёмых. Сэксуальныя паслугі арганізоўваліся як на арандаваных кватэрах у Мiнску, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Потым мужчына хацеў вывезці дзяўчыну для заняткаў прастытуцыяй у Аўстралію Ён аформіў фіктыўны шлюб і пачаў афармляць дакументы на яе выезд у Аўстралію. Завяршыць працэдуру не ўдалося з-за арышту эмігранта.

Цяпер праваахоўнікі выстаўляюць яму яшчэ два абвінавачанні — уцягванне ў занятак прастытуцыяй і арганізацыя, выкарыстанне і стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй.

Фота — izhevskinfo.ru