Электрык і пастух. Хто забіваў гродзенскаму "Нёману" у Лізе канферэнцый

Пол Клетскар (на калажы справа) любіць пасвіць авечак. Рэнэ Ёэнсэн (хлопец з барадой і вусамі) няблага разбіраецца ў электратэхніцы. / Коллаж Euroradio
Гродзенскі "Нёман" прайграў першы матч трэцяга раўнду кваліфікацыі Лігі канферэнцый камандзе з Фарэрскіх астравоў — "Клаксвіку" — з лікам 0:2. Гэта першае паражэнне беларускага клуба ў цяперашняй кваліфікацыі.
Першы гол у вароты беларускага клуба забіў электрык Рэнэ Ёэнсан, які па-за футболам працуе ў кампаніі EL-IN.
Аўтар другога гола ў вароты "Нёмана" — Пол Клетскар — сын былой міністаркі культуры Фарэраў, які любіць пасвіць авечак і часам ходзіць з кітабоямі ў моры.

У рэйтынгу УЕФА "Клаксвік" знаходзіцца на 150-м месцы, а "Нёман" — на 330-м.
Варта адзначыць, што бяспройгрышная серыя "Клаксвіка" працягваецца ўжо 33 матчы. Пры гэтым за 17 гульняў у еўракубках клуб прайграў толькі адзін раз.
Матч у адказ адбудзецца 14 жніўня ў Венгрыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.