Эксперт: Выбары ў Вялікабрытаніі не зменяць адносіны з Беларуссю

7 траўня ў Вялікабрытаніі праходзяць выбары ў парламент, якія назвалі самымі непрадказальнымі.

У Брытаніі праходзяць самыя непрадказальныя выбары ў парламент

СМІ адзначаюць, што брытанцам пасля выбараў давядзецца жыць у іншым “палітычным ландшафце”. Так, кансерватары ў выпадку перамогі абяцаюць правесці рэферэндум па выхадзе з ЕС. У гэтым выпадку Шатландыя стане бліжэй да таго, каб правесці чарговы рэферэндум наконт незалежнасці.

Акрамя гэтага, ад выбараў залежыць лёс сацыяльнай сферы: больш жорсткая палітыка эканоміі можа негатыўна адбіцца на сістэме аховы здароўя, сацыяльнай дапамозе, адукацыі. За кошт жорсткіх мераў эканоміі, якія былі прыняты ўрадам кансерватараў 5 год таму, брытанская эканоміка мае высокія тэмпы росту. У мінулым годзе ён склаў 2,8% — гэта больш, чым у любой іншай краіне Вялікай сямёркі. Беспрацоўе знізілася да 5,6%.

Еўрарадыё пацікавілася ў экспертаў, як вынік брытанскіх выбараў можа паўплываць на адносіны з нашай краінай. Прафесар Лонданскай школы эканамічных і палітычных навук Ен Бэг у інтэрв’ю нашаму радыё адзначыў, што ад накіраванасці будучага парламента будзе залежаць і знешняя палітыка Злучанага Каралеўства. Але якім бы ні быў новы прэм’ер-міністр, знешняя палітыка Вялікабрытаніі ў дачыненні да Беларусі значна не зменіцца.

Бэг: “Калі пераможа партыя кансерватараў, іх знешняя палітыка будзе крыху больш варожая ў дачыненні да ЕС. А лейбарысцкая большасць у парламенце будзе больш адкрытая да супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Магчыма, вынікі выбараў паўплываюць на фармат стасункаў з Расіяй, але я не прадбачу ніякіх зменаў у дачыненні да Беларусі”.