Эксперт: Абноўлены Еўрапарламент узмоцніць ціск на Беларусь
Адначасова сярод еўрапейскіх палітыкаў узмацніліся настроі на аднаўленне дыялогу з афіцыйным Мінскам.
Новы склад Еўрапарламента вызначылі выбары, што праходзілі ва ўсіх краінах Еўрасаюза з 22 па 25 траўня. Прадстаўнікі якіх палітычных сіл атрымалі мандаты еўрадэпутатаў і што гэта можа азначаць для Беларусі?
Па словах палітолага, прафесара Ковенскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтаса Мажэйкіса, гэтым разам Еўрапарламент заўважна “паправеў”. Больш за тое, сярод дэпутатаў, да прыкладу, французскія нацыяналісты з партыі Марын Ле Пэн і еўраскептыкі з той жа Вялікабрытаніі.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Іх прысутнасць гарантуе, што будуць больш жорсткія размовы ў Еўрапарламенце і больш жорсткае адстойванне нацыянальных інтарэсаў”.
Праўда, упэўнены літоўскі эксперт, гэта не азначае, што пытанні замежнай палітыкі, асабліва ў дачыненні да ўсходніх краін-суседзяў ЕС, адыдуць на другі план. Бо адначасова шмат мандатаў атрымалі кансерватары, якія нават на выбары ішлі з прапановамі па “ўдасканальванні” ініцыятывы “Усходняе партнёрства”.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Яны засноўвалі свае перадвыбарчыя праграмы на базе больш жорсткага будаўніцтва дэмакратычнай прасторы Еўропы. А гэта найперш азначае больш агрэсіўнае развіццё “Усходняга партнёрства”. Гэтая тэндэнцыя на больш жорсткія міжнародныя адносіны азначае, што і ціск на Беларусь будзе павялічвацца. Праўда, сёння даволі складана меркаваць, якім чынам гэта адбудзецца”.

Гінтаўтас Мажэйкіс
Нягледзячы на тое, што ўвага правых і іншых еўраскепытакаў будзе найперш скіраваная на вырашэнне нацыянальных праблем, ініцыятыве “Усходняе партнёрства” нічога не пагражае, супакойвае галоўны каардынатар праграм па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Фонду Маршала “Германія—ЗША” ў Берліне Ёрг Форбрыг. Хаця б таму, што большасць у Еўрапарламенце па-ранейшаму кантралюе сталы “палітычны істэблішмент” — прадстаўнікі “Еўрапейскай народнай партыі” і іх аднадумцы-сацыялісты.
Ёрг Форбрыг: “Тое, што можа змяніцца, — дыскурс, наша дыскусія ў Еўрасаюзе, як ставіцца да ўсходніх партнёраў-суседзяў. Як ставіцца да магчымага пашырэння Еўрасаюза і якія неабходныя змены ў адносінах з Расіяй”.
Не чакае суразмоўца Еўрарадыё і рэзкага зніжэння цікавасці з боку еўрапарламентароў да “беларускага пытання”. Таму нічога не пагражае ваяжам у Брусель лідараў беларускай апазіцыі.
Ёрг Форбрыг: “Адкрытасць Еўрапарламента для прадстаўнікоў Беларусі і іншых краін — гэта не вынік складу Еўрапарламента як інстытуцыі. Найперш гэта ініцыятыва асобных дэпутатаў Еўрапарламента. А паколькі там застаецца дастаткова моцная група дэпутатаў, якія цікавяцца ўсходнімі суседзямі, то гэта працягнецца, ніякіх зменаў не будзе”.

Ёрг Форбрыг
Адначасова еўрапейскія палітыкі будуць рабіць спробы… наладзіць дыялог з афіцыйным Мінскам.
Ёрг Форбрыг: “Не выключана, што больш будзе дэпутатаў, якія выказваюцца за абноўлены дыялог з Лукашэнкам. Праўда, гэта не вынік парламенцкіх выбараў — такая дыскусія ўжо адбываецца пад уражаннем ад таго, што дзеецца ва Украіне”.
Што цікава, уражанне ад падзей у Крыме і на ўсходзе Украіны ў розных еўрадэпутатаў рознае. І вядома, даводзіць Ёрг Форбрыг, што частка правых падтрымлівае дзеянні Пуціна. Гэта дае падставы сцвярджаць, упэўнены эксперт, што і Крэмль, і афіцыйны Мінск будуць актыўна шукаць сярод такіх дэпутатаў сваіх будучых лабістаў.
Не чакае вялікіх зменаў ў міжнароднай пазіцыі адноўленага Еўрапарламента і кіраўнік “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі” Андрэй Ягораў. Па яго словах, дэпутаты ад Еўрапейскай народнай партыі і сацыялісты, якія ўзмацнілі свае пазіцыі, створаць кааліцыю і па-ранейшаму будуць трымаць на кантролі “беларускае пытанне”.
Андрэй Ягораў: “Традыцыйна ў Еўрапарламенце дэпутаты-сацыялісты і дэпутаты-левыя значную ўвагу надаюць замежнай палітыцы, правам чалавека — тым пытанням, у святле якіх часта аказваецца Беларусь. Таму я думаю, што нейкага аслаблення ўвагі не будзе”.

Андрэй Ягораў
Да ўсяго, дадае Ёрг Форбрыг, “маладыя” дэпутаты з правых і нацыяналістычных партый не маюць вопыту ў такіх структурах, як Еўрапарламент, і вопытныя калегі з іншых партый іх лёгка абыграюць.
Фота: Змітра Лукашука, business-swiss.ch