Экскурсавода Аксану Манкевіч асудзілі на 3 гады "хатняй хіміі"

Аксана Манкевіч / @viasna96
Аксана Манкевіч / @viasna96

Тры гады "хатняй хіміі" прысудзіў суд Цэнтральнага раёна Мінска экскурсаводу Аксане Манкевіч, паведамляюць праваабаронцы. Яе абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ). У СІЗА Аксана правяла тры месяцы. Пасля абвяшчэння прысуду яе вызвалілі ў залі суда.

Манкевіч працавала экскурсаводам кампаніі "Віяполь". Але больш працаваць не зможа. Беларускі ўрад пастанавіў, што з новага года экскурсаводамі не змогуць працаваць тыя, каго судзілі па "пратэстных" крымінальных артыкулах.

Яе затрымалі 14 верасня ў Мінску. Потым на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяннае" відэа. Дзяўчына казала, што "брала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам". Летась Аксану таксама затрымлівалі. Прычым двойчы. Спачатку яе затрымалі разам з экскурсіяй і абвінавацілі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. А затым экскурсію ў яе пад выглядам кліента замовіў супрацоўнік міліцыі. Дзяўчыну адвезлі ў ГУБАЗіК. Тады яе абвінавацілі ў "непадпарадкаванні міліцыянту" і арыштавалі на 15 сутак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.