Экс-прэм’ер Літвы: Грыбаўскайтэ наіўна верыла ў шчырасць Лукашэнкі
Больш такога не здарыцца, і таму апазіцыя гатовая падтрымаць яе кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Літве.
Так былы прэм’ер-міністр Літвы, лідар апазіцыі ў Сейме гэтай краіны, старшыня партыі “Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты” Андрус Кубілюс патлумачыў свой намер падтрымаць кандыдатуру Далі Грыбаўскайтэ на пасаду прэзідэнта.
Андрус Кубілюс: “Так, у нас да снежаньскіх падзей 2010 года ў Мінску быў перыяд, калі мы (можа быць, і наіўна) верылі, што Беларусь, маючы такую адміністрацыю, якую мае, можа змяніцца. Я сам тады, працуючы прэм’ер-міністрам, меў такія ж спадзяванні (як і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. — Еўрарадыё) і меў вельмі добрыя адносіны з тагачасным прэм’ер-міністрам Беларусі Сідорскім. Але кіраўніцтва Беларусі абрала іншы шлях”.
Прэзідэнцкія выбары ў Літве пройдуць 11 траўня 2014 года. Паводле апытання, праведзенага ў кастрычніку кампаніяй па даследаванні грамадскай думкі і рынку Spinter tyrimai, калі б выбары прайшлі ў бліжэйшыя выходныя, то за дзейнага кіраўніка гэтай краіны Далю Грыбаўскайтэ прагаласавала б 36,5% апытаных. Гэта найлепшы вынік сярод іншых палітыкаў.
Нагадаю, неўязны ў краіны Еўрасаюза кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка па асабістым запрашэнні Далі Грыбаўскайтэ наведваў гэтую краіну 15-16 верасня 2009 года.
На фота: старшыня АГП Анатоль Лябедзька дорыць Андрусу Кубілюсу "палітычныя" карты