Экс-кіраўніку Партыі БНФ Кастусёву зрабілі тры аперацыі за год

Рыгор Кастусёў падчас суда

Рыгор Кастусёў падчас суда / sb.by

Былы старшыня Партыі БНФ, экс-палітвязень Рыгор Кастусёў перанёс тры аперацыі за год.

Улетку Кастусёў, які змагаецца з анкалагічнай хваробай, выйшаў на волю. У лістападзе яму зрабілі аперацыю ў РНПЦ у Бараўлянах. На пачатку снежня палітык прыехаў па накіраванне ў санаторый, але дактары зрабілі яму яшчэ адну аперацыю. Пра гэта са словаў яго сяброў піша "Наша Ніва".

Цяпер Кастусёў прымае шмат лекаў, але пачуваецца лепш, чым у верасні-кастрычніку 2024-га. У санаторый ён так і не трапіў, аднак разлічвае паехаць туды ў лютым.

Паведамляецца, што цяпер палітык працягвае рамонт у сваёй шклоўскай кватэры, які ён пачаў яшчэ да арышту. Рамонтам займаецца сам, бо грошай бракуе. Нягледзячы на праблемы са здароўем, у другой палове лета Кастусёў шмат працаваў на гародзе ў вёсцы.

Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і прысудзілі 10 гадоў зняволення. Па гэтай жа справе былі асуджаныя таксама літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і юрыст Юрый Зянковіч.

Падчас зняволення ў Кастусёва выявілі анкалагічную хваробу. Тым не менш яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, а пазней перавялі ў крытую турму. Першую аперацыю яму зрабілі ў красавіку 2024 года, калі палітвязень яшчэ быў за кратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.