Экс-кіраўнік МЗС Літвы: “Цяжка зразумець варожасць Радзінай да Святланы”

Экс-міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус / 1tv.ge
“Мне цяжка зразумець варожасць Радзінай да Святланы — ні прычын, ні мэты”. Так на просьбу Еўрарадыё былы міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус адгукаецца на пост галоўнай рэдактаркі “Хартыі-97” Наталлі Радзінай пра Святлану Ціханоўскую ў жніўні 2020 года.
Журналістка абвінавачвае Ціханоўскую ў хлусні пра абставіны яе ад’езду з Мінска ў Вільню. Радзіна піша, што 10 жніўня 2020-га, калі ўчарашная кандыдатка ў прэзідэнты прыйшла ў ЦВК, яе дзеці былі ў бяспецы — бо знаходзіліся ў Літве разам з бабуляй. “Сцвярджэнне Ціханоўскай, што яна з'ехала ў Вільню, таму што яе дзяцей маглі адправіць у дзіцячы дом, гэта хлусня”, — рэзюмуе Радзіна.
Разам з тым, журналістка расказвае пра сваю ролю ў тым, каб Ціханоўская ў Беларусі магла адчуваць сябе больш бяспечна:

“Напомню, что в начале июня, после ареста Сергея Тихановского, его супруга обратилась ко мне с просьбой вывезти ее вместе с детьми за границу, потому что «политика – это не ее» и ей стали поступать угрозы из-за участия в выборах. Я обратилась тогда в МИД Литвы с просьбой сделать литовские визы для Светланы, ее мамы и детей. Сделать это было непросто, так как в это время была эпидемия коронавируса и белорусов не впускали в страны ЕС из-за отсутствия в стране карантина. Более того, у литовских дипломатов тогда были вопросы относительно самой Тихановской, потому что в Литве ее никто не знал. Тем не менее, под мои гарантии визы были сделаны, и мать Светланы с детьми приехала в Вильнюс, где я заблаговременно сняла для них за свои средства трехкомнатную квартиру”.
“Ну, скажам так, [сцвярджэнні Наталлі Радзінай] як мінімум недакладныя”, — расказвае Еўрарадыё суразмоўца, якога мы папрасілі ацаніць сувязі журналісткі ў МЗС Літвы. Наша крыніца папрасіла не раскрываць яе імя.
“Шчыра кажучы, не памятаю, хто і як садзейнічаў афармленню візаў. Тады мы выдалі некалькі дзясяткаў гуманітарных візаў асобам, якім пагражаў пераслед, — згадвае падзеі пяцігадовай даўніны Лінус Лінкявічус, які займаў пасаду міністра замежных справаў са снежня 2012 года па снежань 2020 года. — Магчыма, Радзіна і ўдзельнічала, але гэта нічога не змяняе. Мне цяжка зразумець варожасць Радзінай да Святланы — ні прычын, ні мэты”.
Посту Радзінай у фэйсбуку папярэднічала інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай брытанскаму выданню BBC. Там яна расказала, як удзень 10 жніўня 2020 года пайшла ў ЦВК, каб падаць скаргу на вынікі выбараў. Там яе сустрэлі супрацоўнікі КДБ. Яны зачынілі Ціханоўскую ў асобным пакоі і змусілі з’ехаць з Беларусі пад пагрозай змясціць яе дзяцей у дзіцячы дом.
Падчас інтэрв’ю BBC Ціханоўская сказала: “Яны пачалі запужваць, шантажаваць маімі дзецьмі. Казалі, што ведаюць, дзе яны знаходзяцца”. Аднак калі яго пачалі цытаваць іншыя медыі, другі сказ чамусьці знік. Што, імаверна, і стала падставай для абвінавачванняў у бок Ціханоўскай — быццам бы яна наўмысна схавала, што яе дзеці на момант яе візіту ў ЦВК знаходзіліся ў Літве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.