Блогера Павука, які трапіў у Вільні ў моўны скандал, звольнілі з працы
Андрэй Павук / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку
Блогера, палітуцекача Андрэя Павука пасля моўнага скандалу звольнілі з тралейбуснага парку ў Вільні. Ліст з паведамленнем ад кіраўніцтва прадпрыемства беларус апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Андрэю Павуку паведамілі, што яго звальняюць праз грубае парушэнне працоўных абавязкаў.
Палітуцякач Андрэй Павук нядаўна ўладкаваўся працаваць кіроўцам тралейбуса ў Вільні. У адзін з сваіх прыходаў на працу ён не паразумеўся з дыспетчаркай, якая не захацела размаўляць з ім па-руску. Блогер запісаў гэтую размову і выклаў у сацсеткі. Праз кароткі час ён выдаліў допіс, яго паспелі ўжо распаўсюдзіць.
Сам Павук пакінуў Беларусь пасля падзеяў 2020 года і жыве ў Літве. Літоўскую мову, як ён кажа, вучыць "у сваім тэмпе".
Гісторыя выклікала вялікі розгалас у літоўскіх СМІ. Мэр Вільні назваў паводзіны беларуса абсалютна недапушчальнымі. Паводле яго, палітуцякач "прадэманстраваў непавагу да нашай дзяржаўнай мовы і супрацоўнікаў віленскага грамадскага транспарту".