Праўладныя сацыёлагі назвалі новыя рэйтынгі кандыдатаў у прэзідэнты
Тэлеканал АНТ са спасылкай на праўладны аналітычны цэнтр Ecoom назваў новы рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Паведамляецца, што ўзровень даверу кіраўніку дзяржавы складае 78,1%. Даследаванне праводзілася 23-27 ліпеня праз тэлефоннае апытанне. Выбарка па краіне складае 1879 рэспандэнтаў, статыстычная хібнасць не перавышае 2,5-4%.
Гэта другі рэйтынг, які ўлады публікуюць за апошні месяц. Два тыдні таму паведамлялася, быццам рэйтынг Лукашэнкі складае таксама 78,1%.
Дарэчы, у сакавіку-красавіку такое ж апытанне праводзіў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле іх вынікаў, узровень даверу Лукашэнку ў Мінску склаў толькі 24%.
Паводле звестак Ecoom, галасаваць плануе 89,5% жыхароў (два тыдні таму было 87,3%). "Пры гэтым да магчымасці датэрміновага галасавання ў цэлым станоўча ставіцца больш за палову насельніцтва — 61,4%", — перадае тэлеканал АНТ. Дарэчы, менавіта датэрміновае галасаванне выклікае ў праваабаронцаў і назіральнікаў найбольшыя пярэчанні: падчас іх, па словах назіральнікаў, улады маюць найбольшыя магчымасці для фальсіфікацыяў. На сёлетніх выбарах кандыдаты ў прэзідэнты заклікаюць грамадзян ісці галасаваць толькі ў асноўны дзень — 9 жніўня.
Паводле Ecoom, на выбарах беларусы плануюць аддаць свае галасы наступным чынам:
Аляксандр Лукашэнка — 72,3% (два тыдні таму было 69,4%)
Святлана Ціханоўская — 7,5% (2,2%)
Ганна Канапацкая — 1,6% (1,5%)
Сяргей Чэрачэнь — 0,2% (0,8%)
Андрэй Дзмітрыеў — 0,7% (0,3%)
Не змаглі адказаць 10,9% апытаных, не захацелі адказваць 3,1%. Супраць усіх плануюць галасаваць 3,7%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.