Дзяўчыну з Баранавічаў затрымалі ў Маскве і выдалі на суд "за палітыку" ў Мінск

Ірына Пазнякевіч (Шульга) / фота з яе старонкі Вконтакте
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 3 сакавіка пачынаецца разгляд справы Ірыны Пазнякевіч. Дзяўчыну судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 20 снежня 2024 года дзяўчына знаходзіцца ў мінскім СІЗА. Яе вінавацяць паводле "народнага" артыкула 342 КК — "у грубым парушэнні грамадскага парадку". Ірыне пагражае да трох гадоў калоніі.
Ірыне Пазнякевіч (Шульга) 26 гадоў. Яна родам з Баранавічаў, таксама жыла ў Івацэвічах. Як вынікае з яе акаўнтаў у сацсетках, якія прааналізавала "Наша Ніва", Ірына працавала ў розных сферах — напрыклад, была санітаркай. У 2019 годзе ў яе было малое дзіця.
У кастрычніку 2020 года Ірыну змясцілі ў ізалятар у Жодзіне — яе вінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах. У лютым 2021-га дзяўчына перабралася ў Расію. 14 студзеня 2024 года ў яе скончыўся тэрмін легалізацыі там, аднак дзяўчына засталася ў Маскве. У кастрычніку таго ж года Ірыну судзілі ў Мікулінскім раённым судзе Масквы. Яе аштрафавалі на 5000 расійскіх рублёў (каля 50 долараў) і пастанавілі дэпартаваць з Расіі.
Дзяўчыну выслалі ў Беларусь, дзе яна апынулася ў мінскім СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.