Перамовы ў Лондане па Украіне скасавалі

Марка Рубіа

Марка Рубіа / AFP

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа не паедзе на сустрэчу прадстаўнікоў Украіны, ЗША, Еўрасаюза ў Лондане, дзе павінны абмяркоўвацца ўмовы пагаднення аб спыненні агню ва Украіне. 

Такое рашэнне ён прыняў пасля аўторкавай заявы Уладзіміра Зяленскага, што Украіна не прызнае Крым расійскім, перадае Радыё Свабода. Прэзідэнт Украіны патлумачыў, што гэтага не дазваляе нават Канстытуцыя дзяржавы.

Раней у аўторак прэс-сакратар Дзярждэпартамента Тэмі Брус казала, што Рубіа намераны ўдзельнічаць у перамовах. Калі ж ён вырашыў адмяніць паездку ў Лондан, прэс-сакратар заявіла пра "лагістычныя праблемы ў яго раскладзе".

На мінулым тыдні пасля сустрэчы з прадстаўнікамі Украіны і еўрапейскімі саюзнікамі ў Парыжы Рубіа заяўляў, што Штаты могуць выйсці з перамоўнага працэсу і прэзідэнт Дональд Трамп прысвеціць сваю ўвагу "іншым прыярытэтам".

Пасля рашэння Рубіа ад паездкі ў Лондан адмовіліся міністры замежных спраў Францыі і Германіі. У выніку шматбаковыя перамовы былі скасаваныя — замест іх пройдуць двухбаковыя перамовы паміж кіраўнікамі МЗС Украіны і Вялікабрытаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.