Дзяржпошліна на аўтамабілі дзейнічае ў Беларусі ўжо 2 дні
Закон "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год" падпісаны 31 снежня і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 2 студзеня 2014-га.
Артыкул 3 Закона прадугледжвае "нарматывы адлічэнняў ад… дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, якая атрымліваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 50%, у даходы кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска — у памеры 50%".
Пошліна павінна быць выплачаная перад праходжаннем тэхагляду (раз у год — для аўтамабіляў старэйшых за 10 гадоў, раз у два гады ў падвойным памеры — для аўтамабіляў, якім меней за 10 гадоў). Стаўкі пошліны ў асноўным залежаць ад вагі аўтамабіля і прыналежнасці — фізічнай або юрыдычнай асобе, інфармуе партал tut.by.
Артыкулам 11 Закона зацверджаны выдаткі рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне дарожнай гаспадаркі (без уліку сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця) — крыху больш за 3 трлн рублёў. Размеркаваннем сродкаў будзе займацца Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
Савету Міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін зрабіць захады па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2014 года.
Фота — bymedia.net