Дзмітрыя затрымалі, а ў яго жонкі здарыўся зрыў. Як рэпрэсіі руйнуюць сем'і

"Гэтая сітуацыя з'яўлялася моцным трыгерам" / euroradio.fm
Дзмітрыя ў 2020-м затрымлівалі двойчы: першы раз яшчэ ў траўні, усё абышлося суткамі арышту. Але ўвосень за ім прыйшоў ГУБАЗіК. Пазней яму прысудзілі да трох гадоў калоніі, пасля вызвалення ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі.
Але наступствы рэпрэсій для Дзмітрыя — не толькі ў пагоршаным здароўе і псіхалагічным стане або вымушанай эміграцыі. Гэтая сітуацыя аказала разбуральны ўплыў на яго сям'ю. Гісторыяй экс-палітвязня з Еўрарадыё падзяліліся праваабаронцы з арганізацыі "Прававая ініцыятыва", якія запісалі размову с Дзмітрыем.
Пераломны момант
У сакавіку 2021-га Дзмітрый яшчэ ў СІЗА. Ад адваката ён даведаецца, што жонка Вольга трапіла ў псіхіятрычную лякарню.
"І яна трапляе туды з прыступам вострага псіхозу. Я так зразумеў, што яна не вытрымала гэтага ціску, гэтай сітуацыі, якая адбылася з нашай сям'ёй, і проста ў яе зняла дах. Я не ведаю, у чым гэта выяўлялася.... Яе там трымалі і вывелі ў нармальны стан. Дзякуючы добрым знаёмствам, ёй не паставілі нейкага дыягназу, які б ёй не дазволіў далей працаваць.
Ёй паставілі больш мяккі дыягназ, які ёй дазволіў працягнуць працу. Што было вельмі важна. Таксама прызначалі даволі моцныя антыдэпрэсанты і, у тым ліку, праходзіць тэрапіі. У яе пасля ўсёй гэтай падзеі дрыжалі рукі, яна не магла дайсці да сябе нейкі час. Усё, усё вельмі, вельмі дрэнна было. І гэты момант ... пераломны, так. І я лічу, што гэта разбурыла сям'ю".
Як распавядае Зміцер, у падарваным псіхічным здароўі Вольга вінаваціць яго.
"Што ў гэтым я вінаваты, што калі б я яе паслухаў і абраў сям'ю, то ўсяго гэтага не было б. Ну ўвогуле, я так разумею, што гэта быў заганны круг абвінавачванняў у дачыненні да мяне. Гэта была адна з прычынаў, што я пасля вызвалення ўжо не жыў са сваёй жонкай. Я ж бачу, ну што з яе боку ў дачыненні да мяне ёсць пачуцці крыўды, якія яна не можа перамагчы, якія перашкаджаюць нейкім далейшым адносінам у якасці сям'і".
Яна яшчэ больш пацярпела
Пасля выезду з Беларусі Дзмітрый пасяліўся ў Германіі. Але праблемы дома заставаліся: акрамя псіхалагічнага стану жонкі, яшчэ і ціск на яе з боку сілавікоў, у тым ліку пагрозы адабраць дзяцей.
"І я лічу, што яна ў гэтай сітуацыі пацярпела больш [за мяне], можа, нельга так казаць, але тым не менш яна пацярпела значна, паколькі негатыўны шлейф у выніку гэтай сітуацыі ў яе застанецца на ўсё жыццё".

Па словах Дзмітрыя, жонка яму заўсёды казала: ёй трэба, каб жыццё было "роўнае", і ў яе ёсць запас трываласці, але не вельмі вялікі.
Ускладніла ўсё тое, што затрыманне мужа было не адзінай яе праблемай.
"Праз тое, што ў яе вось гэта растройства адбылося, і ў яе была мама, якая ўжо сыходзіла з анкалогіяй, і яна прасіла мяне, каб я не з'язджаў з Беларусі, каб я застаўся ёй дапамагчы. Але праз тое, што я ўжо падаў прашэнне ў амбасаду Германіі і ў мяне ўжо была на руках віза, я не мог далей заставацца, мне трэба было тэрмінова з'язджаць".
Калі Дзмітрыя ўжо не было ў Беларусі, памерла мама яго жонкі.
"І ў яе зноў стрэс, яна зноў вінаваціць мяне. І наогул меркавалася, што Воля ў далейшым прыедзе да мяне сюды, у Германію. Гэта значыць, я першы паеду, яна дачакаецца, пакуль вырашыцца сітуацыя з яе маці, пахавае яе, скончыць усе справы і потым прыедзе да мяне. І мы тут будзем ужо наладжваць новае жыццё".
Але потым Вольга сказала, што ўжо не можа давяраць яму і не хоча пераязджаць.
"Таму што яна проста гэтага не вынесе, гэтага стрэсу, пераезду і момантаў сацыялізацыі ў гэтай краіне. І для яе, для яе псіхікі магчымым застаецца толькі знаходжанне там, дзе яна цяпер ёсць".
Дзмітрый доўга не верыў, што сям'я прыедзе да яго. Але ў выніку яны ўсё ж прыехалі. А вось яго асцярогі, што былых адносін не вярнуць, апраўдаліся.
"Таму гэта цяпер больш падобна на сумеснае пражыванне для нагляду і выхавання нашага сына. На жаль, падзеі наклалі перманентны адбітак на нас. Мая жонка дагэтуль лічыць мяне вінаватым у тым, што адбылося, што я здрадзіў сям'і — і мяне гэта збівае з ног. Магчыма, я не бачу ўжо сэнсу ў працягу адносін. Яна мне ніколі не даруе гэтага. Я лічу, што сям'я практычна разбураная".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.