Дзесяць дзяцей з дзвюх сем'яў забралі ў Нараўлянскім раёне сёлета

Дзіця, ілюстрацыйнае фота

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Нараўлянскім раёне ад пачатку года з дзвюх сем'яў забралі ўжо дзесяць дзяцей. У пракуратуры Гомельскай вобласці гэтыя меры патлумачылі дрэннымі ўмовамі жыцця і алкагалізмам сваякоў.

"За мінулы перыяд 2025 года на патрабаванне пракуратуры Нараўлянскага раёна ў мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх з дзвюх сем'яў адабрана 10 дзяцей", — адзначаецца ў паведамленні пракуратуры.

У адным выпадку бацькі сістэматычна пакідалі дзяцей без ежы, сям'я жыла ў антысанітарных умовах. Таксама адзначаецца, што бацькі пакідалі дзяцей пад наглядам бабулі, схільнай да злоўжывання алкаголем.

У другой сям'і дзяцей забралі за тое, што бацькі ўжывалі фізічны гвалт да іх. Таксама гаворыцца пра схільнасць бацькі і маці да злоўжывання спіртнымі напоямі.

У пракуратуры падкрэсліваюць, што дзяржорганы і ўстановы адукацыі "доўгі час праводзілі працу па ліквідацыі прычын сямейнага недабрабыту", але гэта не дапамагло.

Цяпер бацькі дзесяці дзяцей набылі статус "абавязаных асоб": яны павінныя кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.